У Гродзенскай вобласці пракуратура знайшла шмат парушэнняў на арандаваных вадаёмах. Больш за 20 самавольна ўзведзеных збудаванняў знайшлі ў Лідскім, Мастоўскім, Ашмянскім і Свіслацкім раёнах, піша БЕЛТА.
У Гродзенскім раёне пад выглядам альтанкі пабудавалі драўляны дом на падмурку. Некаторыя арандатары не ўтрымліваюць берагавыя ўчасткі ў належным санітарным стане і гідратэхнічныя збудаванні ў спраўнасці, не ствараюць спрыяльныя умовы для рыбалоўства і рыбаводства.
Напрыклад, у Лідскім раёне арандатар спусціў ваду ў сажалцы. Праз гэта зямля і водныя ўгоддзі абясплодзіліся. Нічога, каб выправіць сітуацыю, гаспадар не зрабіў.
Такія парушэнні з боку арандатараў шкодзяць прыродным рэсурсам. Гэта пагражае не толькі экалагічнай бяспецы навакольнага асяроддзя, але і жыццю, здароўю людзей, кажуць у пракуратуры.