66-гадовы Анатоль кожны дзень зімой купаецца ў Нёмане, прабягае па 3 кіламетры, падымае 20-кілаграмовую гіру, адціскаецца і круціць «сонейка» на турніку. «Нядаўна правяраў сэрца, сказалі, як у немаўля», — пахваліўся ён карэспандэнту «Перспектывы».
Заплыў галяком
Анатоль Дзянісік маржуе ўжо дзесяць гадоў. Бачыў, як гэта робяць іншыя па тэлевізары, і вырашыў праверыць сябе.
— У маладосці я не вылучаўся адмысловым здароўем, быў заўсёды хударлявым, невысокім, нават пакутаваў ад гастрыту. Цяпер усё змянілася: адчуваю сябе энергічным, як быццам мне 50, магу скакаць і скакаць, як сабака, — жартуе суразмоўца.
З сабакі ўсё і пачалося. У пенсіянера заўсёды былі сабакі. Як правіла, заводзіць аўчарак. Сёння гэта пяцігадовая Буся: вялікі сабака, які разумее Анатоля з паўслова.
— Я заўсёды прагульваўся з гадаванцамі ў Румлёва. Падцягваўся на турніку, рабіў заплывы з лета і не спыняў зімой.
Суразмоўца папярэджвае, што Буся, хоць і актыўны сабака, але купацца зімой не жадае, чакае на беразе. Анатоль акуратна складвае вопратку і ідзе ў ваду, нягледзячы на тое, што на градусніку мінус два.
— Звычайна плаваю галяком, але так як сёння не адзін, прыйшлося апрануцца ў плавальны касцюм, — тлумачыць суразмоўца.
Пасля 5-хвілінных водных працэдур пенсіянер расціраецца снегам і … адразу апранае вопратку. Ручніком ён ніколі не выціраецца, кажа, што не холадна.
Замерзнуць могуць толькі рукі, таму што трымае павадок.
Увайшоў у азарт
У двары дома, які размяшчаецца побач, Анатоль паказвае на турніку пад’ём з пераваротам і адціскаецца 20 разоў. Гэта для яго звычайная вячэрняя трэніроўка. Праўда, спартыўны бэкграўнд ў пенсіянера ўсё ж такі ёсць: школа па гімнастыцы ў юнацтве, але ён запэўнівае, што пасля 16 гадоў да турніка нават не падыходзіў.
Спартыўныя заняткі раніцай пачынаюцца, а палове шостай. Так прывык, калі хадзіў на працу. Пенсіянеру прыйшлося звольніцца год назад, цяпер ён у пошуках новай.
Анатоль называе сябе чалавекам азартным. З 9 раніцы і да абеду ў яго ў асабістым раскладзе он-лайн турніры ў даміно. Яшчэ адзін яго запал — шашкі. А ўлетку з унучкай любіць каруселі ў парку.
Хоць у космас
— Жонка Таццяна Іванаўна яшчэ працуе. Яна кулінар. Спортам, на жаль, не займаецца. Любіць булачкі, гатаваць і есці. Я яе ўгаворваю схуднець, яна не хоча. Хадзіла гадоў пяць назад са мной, нават трэніравалася на турніку, а цяпер адмаўляецца, — шкадуе мужчына.
39-гадовая дачка Ніна і 36-гадовы сын Іван таксама нармальна ставяцца да фізічных нагрузак.
— Сын часам займаецца, як і я, з гантэлямі. Але не гартуецца, — тлумачыць ён.
Участковы тэрапеўт ў курсе фізічных нагрузак пенсіянера.
— У мяне ціск 120 на 90. Можа, і 120 на 80 было б, але перад апошнім паходам у паліклініку падцягваўся. Сэрца таксама праверылі. Сказалі, што па маіх фізічных параметрах можна ў космас ляцець.
Яшчэ Анатоль сочыць за спаборніцтвамі на зімовай Алімпіядзе.
— Парадаваў фрыстайл, — кажа ён. — Хоць у цэлым беларусы маглі б выступаць і лепей. Але, ведаеце, цяжка выгадаваць спартсменаў, бо ўсё ў нас платнае. Вось прадаюць басейн «Лазурны», а павінны былі пакінуць, каб усе плавалі, і бясплатна, — лічыць гарадзенскі пенсіянер.
І ўсё ж такі ён спадзяецца, што заплыў зімой зробіць з ім яго ўнучка. Але пакуль пра гэта рана казаць, ёй усяго чатыры гады.