Чарговы Фестываль моды і прыгажосці Grodno Fashion Show пройдзе 3 сакавіка ў Каледжы мастацтваў. У гэтым годзе арганізатары гатовыя здзівіць не толькі беларускімі калекцыямі, але і вопраткай з суседніх краін. Упершыню будуць прадстаўлены калекцыі літоўскіх дызайнераў.

Для паказа калекцый ужо адабрана 60 дзяўчат, 25 хлопцаў і 40 дзяцей з Гродна. Дадаткова будуць удзельнічаць яшчэ каля 150 прыезджых мадэляў.

«Сёлета будзе традыцыйна вялікая колькасць цікавых беларускіх калекцый. Да нас прыедуць госці з Віцебска, Брэста, Мінска і Барысава. Ужо пацверджана, што ў нас будзе 8 калекцый з Польшчы, 2 калекцыі з Літвы і 1 з Расіі. Дызайнерка Людміла Лабкова прадставіць Алімпійскую калекцыю адзення, у якой нашы спартсмены паехалі ў Карэю. Акрамя гродзенскіх мадэляў удзельнічаць будуць і лепшыя мадэлі Беларусі з нацыянальнай школы прыгажосці», — распавёў арганізатар Grodno Fashion Show Ігар Ляговіч.