У 44-гадовага жыхара Гродзенскага раёна канфіскавалі квадрацыкл, на пяць гадоў пазбавілі правоў і аштрафавалі на 3000 рублёў.

За паўгода мужчыну затрымлівалі, бо ён п’яным кіраваў аўтамабілем, а ў апошнім выпадку — пашкодзіў аўто знаёмага. Пасля першага, калі ехаў на матацыкле «Мінск», склалі чатыры пратаколы, пазбавіўшы правоў на тры гады і аштрафаваўшы на 57 базавых велічынь, якія ён да гэтага часу цалкам не выплаціў, паведамляе Гродзенская ДАІ.

Мужчына 31 снежня папіў піва і на квадрацыкле паехаў да знаёмага. На пытанне: «Навошта?» Адказаў: «Так проста з’ездзіць». Пазней дадаў: «Бес попутал». Ведаў, што квадрацыкл могуць канфіскаваць, але ў нецвярозым стане пра гэта не думаў.

Знаёмага дома не было. Выпрасіўшы ў яго жонкі некалькі цыгарэт і выкурыўшы іх, мужчына сабраўся дадому, але разварочваючыся ў двары, памяў заднія левыя дзверы «Renault Laguna». Жанчына выклікала ДАІ. І хоць абвінавачаны відавочна быў п’яным, але ад медагляду адмовіўся.

На судовым пасяджэнні ён з усім пагаджаўся, шкадаваў пра зробленае і прасіў змякчыць пакаранне. Падчас апошняга сказаў каротка: «Раскайваюся ва ўсім зробленым. Усё».

Суд прысудзіў абвінавачанаму абмежаванне волі на год без накіравання ў выпраўленчую ўстанову, пазбавіў яго на пяць гадоў права кіравання і аштрафаваў на 120 базавых велічынь. Квадрацыкл, які ацанілі ў дзве тысячы рублёў, канфіскавалі.