Знаходку выявілі 15 лютага на адным з раскопаў ля Старога замка. Меркавана, цагліна датуецца канцом 14 стагоддзя – часам, калі замак у Гродне перабудоўваў Вітаўт.

Герб «Калюмны» — адзін з дзяржаўных сімвалаў Вялікага Княства Літоўскага: у чырвоным полі тры белыя слупы, злучаныя ўнізе. Падобны герб сустракаўся на манетах ВКЛ, а таксама з гэтым сімвалам на сцягах літоўскія харугвы змагаліся пад Грунвальдам.

Цэгла была знойдзена ў тым месцы, дзе быў двор замка. На думку археолага Алеся Хацько, цагліны маглі быць часткай якой-небудзь печы, бо некаторая з іх пакрытыя сажай.

«Падчас капання аднаго з шурфаў нам пачалі трапляцца фрагменты гатычных цаглін часоў замка Вітаўта. І сярод іх быў знойдзены нейкі новы від цэглы, які раней не трапляўся, – распавядае Алесь Хацько. – Было вiдаць на кавалках цаглін нейкі выступаючы знак. І ўжо тады ў нас была здагадка, што гэта альбо літоўскія «Калюмны», альбо іншы від княжых знакаў.

15 лютага нам трапілася цэлая цэгла і наша здагадка пацвердзілася. На цэгле захаваўся знак «Калюмны» – герб Гедымінавічаў. Па складзе гліны яна падобная да іншай гатычнай цэглы. Але на раскопках у Гродне такая сустракаецца ўпершыню».

Цікава, што на знойдзенай цэгле герб “Калюмны” ўнізе мае цікавы працяг у выглядзе хвосцікаякі раней не сустракаўся. Гэты дадатак збліжае “Калюмны”  з трызубцам Рурыкавічаў.