Міні-кольцы замест традыцыйных скрыжаванняў і двары без машын плануюць ствараць у новых спальных раёнах Гродна, піша БЕЛТА. Першыя кальцавыя скрыжаванні з’явяцца ў раёне вуліцы Лідскай.

«Гэта спосаб знізіць хуткасць, супакоіць рух, не прымяняючы штучныя няроўнасці», — адзначыў Уладзімір Назарка, начальнік упраўлення ДАІ УУС Гродзенскага аблвыканкама. Міні-кольцы не раз даказвалі сваю эфектыўнасць.

У якасці прыкладу начальнік ДАІ прывёў выезд з Гродна ў раёне Паўднёвага рынку. Небяспечнае скрыжаванне, дзе часта адбываліся аварыі, замянілі на кальцо — і праблемы не стала.

Таксама ў новых жылых раёнах плануюць рэалізаваць канцэпцыю двара без машын, дзе ўся прыдамавая тэрыторыя будзе аддадзена пешаходам, а паркоўкі вынесены за межы двара.

У 2018 годзе зменяць амаль 50 пешаходных пераходаў: частка з іх будзе дадаткова падсвечана, частка абсталявана штучнымі няроўнасцямі, заменяць дарожныя знакі. Прыбяруць пераходы, якімі не карыстаюцца, небяспечныя зебры, побач з якімі ёсць больш бяспечныя варыянты перасячэння дарогі.

Новыя святлафоры з’явяцца на пешаходных пераходах па вуліцы Горкага каля кальцавога скрыжавання з бульварам Ленінскага Камсамола і вуліцай Дубко, а таксама на аварыйна-небяспечным пераходзе па вуліцы Паповіча.