У Дзень роднай мовы – 21 лютага – у Гродне пройдзе “Жывая Бібліятэка: мовы свету”, дзе гродзенцам прапануюць паслухаць мовы розных народаў, груп і краінаў.
Падчас мерапрыемства можна будзе пачуць больш за 15 розных моваў – ад карэйскай і кітайскай, праз арабскую, літоўскую, нямецкую, гішпанскую, сербскую па афрыканскія мовы ігба і ндаў, а таксама беларускую і рускую.
Пра іх распавядуць насьбіты моваў, якія жывуць у Гродне, а таксама людзі, якія з захапленнем іх вывучаюць. Яны пазнаёмяць ахвотных з гісторыяй мовы, распавядуць, на якіх тэрыторыях гэтымі мовамі карыстаюцца, а таксама навучаць асноўным словам і карысным зваротам.
Жывая Бібліятэка: Як гэта працуе?
“Жывая бібліятэка” – гэта незвычайная бібліятэка. Замест звыклых кніг тут выступаюць жывыя людзі са сваімі гісторыямі, якімі яны гатовы падзяліцца з чытачамі.
Прынцып працы “Жывой бібліятэкі” такі самы, як і ў звычайнай: «чытачы» прыходзяць, запаўняюць «бібліятэчную картку», выбіраюць «кнігу» і «чытаюць» яе на працягу пэўнага часу. Падчас “Жывой Бібліятэкі” адбудуцца тры раунды прэзентацыі, таму прысутныя змогуць паразмаўляць з 1-3 “кнігамі”.
Мерапрыемства адбудзецца 21 лютага (серада) у 18.30 па адрасу Будзённага 48а-86 (уваход з унутранага дворыка ў будынку польскага пасольства). Уваход вольны!
Цікава:
Міжнародны дзень роднай ровы адзначаюць ва ўсім свеце 21 лютага з 1999 году. Гэты дзень быў абраны таму, што ў яго у 1952 годзе загінулі пяць студэнтаў, якія змагаліся за наданне мове бангла статусу дзяржаўнай у тагачасным Пакістане, усходняя частка якога пазней стала незалежнай дзяржавай Бангладэш.
Арагнізатарам “Жывой бібліятэкі: мовы свету” з’яўляецца ГА “Цэнтр “Трэці сектар”. Мерыпрыемства арганізуюць у межах цыклу сустрэч Tandem Evenings in Hrodna.