У нядзелю 11 лютага на будаўнічай пляцоўцы гандлёва-забаўляльнага комплексу «Triniti», падчас работ па ўстаноўцы шумаахоўных экранаў з боку Гродзенскай гарадской бальніцы № 4, работнікі знайшлі парэшткі, як мяркуецца, траіх салдат часоў Вялікай Айчыннай вайны.
Усе работы на месцы знаходкі былі прыпыненыя. На месца прыбылі кіраўнікі будаўніцтва, а таксама пра інцыдэнт паведамілі ў міліцыю, Следчы камітэт і Камітэт судовых экспертыз.
«Парэшткі, а таксама вайсковую амуніцыю, выявілі нашы будаўнікі, калі капалі шурфы для ўстаноўкі шумаахоўных экранаў. Коўш экскаватара разам з зямлёй дастаў усё гэта, — распавядае маркетолаг ТРК «Triniti» Сяргей Іваноў. — Здзіўленне, вядома, было неверагоднае — такія знаходкі не кожны дзень адбываюцца. Мы паставіліся з усёй увагай і паведамілі зацікаўленым службам. Адміністрацыя «Triniti» аказвае ўсю неабходную дапамогу ў правядзенні пошукаў.
Мы лічым, што гэта вельмі важная знаходка і з усёй павагай ставімся да знойдзеных парэшткаў. Упэўненыя, што пасля ўсіх экспертыз яны будуць належным чынам перапахаваныя, а родныя загінуўшых змогуць даведацца пра лёс тых, хто загінуў. На шчасце, супрацоўнікі Камітэта судовых экспертыз выявілі ў зямлі адзін з салдацкіх медальёнаў, якія байцы насілі пры сабе ў Вялікую айчынную".
На час усіх археалагічных экспертыз будаўнічыя работы на ўчастку будуць прыпыненыя. На тэмпах будаўніцтва гандлёва-забаўляльнага цэнтра гэта не адаб’ецца — знойдзеныя парэшткі былі знойдзены ў баку ад асноўнай будаўнічай пляцоўкі.