Да веласіпедаў будучыя народныя абраннікі ставяцца пазітыўна. Практычна ў кожнага дома ёсць свой ровар або намер яго набыць. ВелаГродна даведаўся, што кандыдаты хацелі б прапанаваць для развіцця веларуху ў горадзе і ваколіцах, калі стануць дэпутатамі 28 склікання.
Павел Язубец, намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай працы і сацыяльна-бытавых пытаннях ААТ «Гродзенская тытунёвая фабрыка «Нёман»:
«Прыкладна так арганізаваны пракат у Беластоку. Вельмі зручна, узяў ровар, а потым яго мяняеш там, дзе табе неабходна. Для гэтага павінны быць вызначаны маршруты. Сёння з горада на базу адпачынку „Прывал“ ёсць магчымасць прыехаць на ровары — дарогу будавалі з досыць шырокай абочынай. Каля базы — адзіны ў горадзе „гараж“ для ровараў - паркоўка з дахам. У планах — аформіць веламаршрут у раёне „Прывал“ уздоўж Нёмана па лясных дарогах. Можна праводзіць велафестывалі, каб прыцягваць новых удзельнікаў».
Сяргей Лазарэвіч, галоўны ўрач «Гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі»:
«Для веласіпедыстаў неабходныя ўсё ж асобныя дарожкі. Пешаходы не глядзяць на разметку і рызыкуюць патрапіць пад колы. Так і адбываецца, да нас у бальніцу перыядычна прывозяць пацярпелых, часта гэта пажылыя людзі».
Вольга Ануфрыева, дырэктар, галоўны рэдактар газеты «Вячэрні Гродна»:
«Мне здаецца трэба развіваць культуру кіравання і зносін паміж удзельнікамі дарожнага руху. Ровар ужо стаў для многіх штодзённым сродкам перамяшчэння па горадзе. Гэта трэба прызнаць, і вучыцца карэктнасці ўсім: кіроўцам, пешаходам, веласіпедыстам. Ездзіць па правілах цалкам рэальна. Ёсць разметка на ходніках і новыя маршруты. Веласетку неабходна развіваць і далей, паўсюль, дзе дазваляюць ходнікі. Я чакаю, калі сыдзе снег, бо на балконе стаяць два новенькія ровары».
Барыс Фёдараў, старшыня Гродзенскага гарадскога Савета дэпутатаў
«Ва ўсіх новых праектах веладарожкі ўжо закладзены — гэтая практыка ўжо склалася. А вось як адбываецца рэканструкцыя, трэба сачыць пастаянна. Калі праводзілі добраўпарадкаванне пасля рэканструкцыі цеплатрасы на Горкага, будаўнікі сталі ставіць высокія бардзюры. Нам людзі патэлефанавалі і падказалі, што раварысты турбуюцца. І бардзюры своечасова пераклалі. Быць актыўнымі - заўсёды карысна. Ёсць шмат ініцыятыў, але і шмат правілаў, якія абмяжоўваюць перамяшчэнне веласіпедыстаў. Я быў у Берліне, там таксама рух актыўны і месца, бывае, не так шмат, але неяк усё раз’язджаюцца».
Зміцер Бандарчук, старшыня «Таварыства ўласнікаў жылога дома № 4 корпус 2 на вуліцы Індурская шаша»
«На Вішняўцы, дзе я жыву, забудова арганізавана без уліку думкі і патрэбаў веласіпедыстаў. Мікрараёну больш за 20 гадоў. Двары застаўленыя машынамі і не прыстасаваныя для велапарковак. Мы спрабавалі атрымаць дазвол пакідаць ровары ў пад’ездах, каб людзі не цягнулі іх кожны раз наверх. Відэакамеры гатовыя былі ўсталяваць, але нормы гэтага не дазваляюць. Катацца ў нас таксама асабліва няма дзе. Максімум людзі едуць да школы і накручваюць кругі на стадыёне. Для таго, каб сітуацыя змянілася, патрэбны праграмы, якія вызначаць і размецяць бяспечныя маршруты. Напрыклад, можна зрабіць некалькі кальцавых веламаршрутаў, пачынаючы ад старога горада і да спальных раёнаў».
Сяргей Каляда, намеснік старшыні Гродзенскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання «Рэспубліканскі турысцка-спартыўны саюз»
«Запушчана некалькі праектаў, збіраемся зрабіць веламаршрут: ад Гродна на Брузгі і ад Лясной Рудаўкі (турыстычны пагранічны пераход) да Гродна. Гэта значыць, правесці лінію: Лясная Рудаўка — Гродна, Аўгустоўскі канал — Гродна. Думаем, як зрабіць маршрут зручным, бяспечным і цікавым. Магістральную трасу ад вуліцы Суворава ў бок Каробчыц падрамантуюць з улікам патрэбаў веласіпедыстаў і далей па лясной дарозе можна даехаць да Юбілейнага возера. У праектным бюро гарвыканкама праектуецца шэраг веладарожак у Пышкі: з пакрыццём і асвятленнем. Будзе таксама спроба злучыць Пышкі праз набярэжную з цэнтрам горада. Пакуль зарэгістравалі 2 маршруты: Вялікакняскі і Каралеўскі. Гэта дарагія маршруты, але будзем шукаць інвестараў, спрабаваць.
Сёння гораду вельмі не хапае абавязковага, распрацаванага на ўзроўні раённай і гарадской архітэктуры агульнага плана веласіпедных дарожак і маршрутаў. Каб яго можна было ўлічваць пры правядзенні, як новых, так і аднаўленчых дарожных работ. У Друскінінкаі ў мэра на сцяне вісіць такі план, і калі пачынаюць у горадзе нешта рабіць, ён з ім абавязкова спраўджваецца. Становіцца зразумела, дзе трэба дапраектаваць або стварыць інфраструктуру.
Акрамя таго ў Беларусі як паветра патрэбен законапраект, які вызначыў бы новыя стандарты і дазволіў пры будаўніцтве правільна праектаваць веладарожкі і веламаршрутаў. Праект гэтага закона я бачыў, там ёсць істотныя плюсы, але ён пакуль не прыняты".
Каля 4 мільёнаў еўра выйграў КУП «Гроднааблбуд» па праграме трансгранічнага супрацоўніцтва «Польшча-Беларусь-Украіна» на будаўніцтва дарог у раёне Аўгустоўскага канала. Будуць зробленыя дарогі ад Рацічаў да Свяцка і Сапоцкіна, ад Сапоцкіна да Васілевіч, у напрамак ад Сапоцкіна да вёскі Сонічы. Усюды павінна быць пракладзена ўмацаваная абочына, дастатковая па шырыні для бяспечнага праезду веласіпедыстаў.
Аб'явы аб здачы памяшканняў у арэнду з'явіліся ў Instagram-акаўнце royal.grodno і на “Куфары”. У аб'явах…
Гродзенскія пункты выдачы заказаў Wildberries і Ozon аказаліся перапоўнены падарункамі для жывёл. Гэта вынік Таемнага…
Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…
Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…
Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…
Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…