Думаў, што таўшчыня лёду 20 см, а насамрэч -7: як ратавальнікі сочаць за рыбакамі

На Гродзеншчыне забараняюць выхадзіць на лёд, таўшчыня якога менш за 7 см. Ратавальнікі разам з карэспандэнтам «Перспектывы» праверылі, як аматары зімовай рыбалкі выконваюць правілы бяспекі.

На выпадак надзвычайнага здарэння

На возера Белае — упадабанае месца для рыбалкі ў жыхароў Гродзенскага раёна — прыехалі ў разгар дня. Тэрмометр паказвае мінус 7. Рыбакоў не вельмі шмат — чалавек 15. Як-ніяк будні дзень.

— Цяпер таўшчыня лёду каля 10−12 сантыметраў. Гэта лічыцца бяспечна. Але рыбакі забываюць пра тое, што на адным і тым жа возеры яна можа быць рознай. Бачыце, там чорныя плямы? — паказвае рукой дзяжурны матарыст Дзмітрый Леончанка — Туды небяспечна выходзіць. Гэта тонкі лёд, максімум 2−3 сантыметры, можна праваліцца.

Гэтай зімой, працягвае суразмоўца, возера Белае тоіць у сабе нямала небяспекаў. Узровень вады падняўся, месцамі прабіваюцца крыніцы, лёд падмываецца плынню. У мінулым годзе такога не было.

— Як выбіраеце месца для рыбалкі? — цікавіцца ў аднаго з рыбакоў Маргарыта Дакучаева, інспектар групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Гродзенскага РАНС.

— Вызначаю таўшчыню ледабурам. Тут сантыметраў 20, можаце за мяне не хвалявацца. Іду заўсёды па слядах, арыентуюся, дзе іншыя рыбачаць. Калі перапады тэмпературы, то ўвогуле не выходжу на лёд. Навошта рызыкаваць? У мяне з сабой ёсць вяроўка на выпадак надзвычайнага здарэння, — кажа рыбак.

Дзмітрый прабівае лёд пешнем, каб паказаць рыбаку, што ніякіх 20 см тут няма. Максімум — сем, а ў асобных месцах яшчэ менш. І папярэджвае: прыкладна ў гэтым месцы аматары зімовай рыбалкі ўжо правальваліся пад лёд. Мужчына задумаўся, а потым пацікавіўся, дзе яму лепш размясціцца. Убачыўшы ратавальнікаў, падцягнуліся і іншыя рыбаловы. Пыталіся, як абстаноўка на вадаёмах, дзе мацней лёд.

Адчуў на сабе

Адзін з рыбакоў кажа, што месцы ведае добра. Пры сабе — выратавальны рыштунак. Пенсіянер бярэ яго нават калі ўпэўнены: лёд тоўсты і надзейны. Маўляў, ужо аднойчы правальваўся, таму не рызыкуе больш.

Справа была ў Германіі, успамінае Пётр Уладзіміравіч. Сажалка па памерах невялікая, але глыбіня — 12 метраў. Таўшчыня лёду складала прыкладна 6 см. Але ён не надаў значэння, што там, дзе расліннасць выступае на паверхню, лёд заўсёды танчэй. І праваліўся. Паблізу нікога не было. Добра, ведаў, як паводзіць сябе ў такіх выпадках, не ігнараваў парады ратавальнікаў.

— Гулькнуў бы на дно, каб не быў падрыхтаваны. А так стаў рукамі секчы лёд, як толькі адчуў, што ён моцны, перавярнуўся і выкаціўся. Так што я ўжо адчуў на сабе. Таму раю хлопцам прыслухоўвацца да таго, што кажуць ратавальнікі, а не адмахвацца, — паглядае на рыбакоў Пётр Уладзіміравіч.

Улоў сёння не вельмі, уздыхае пенсіянер. Хіба што кату налавіў яршоў. Але ходзіць на рыбалку дзеля задавальнення. Гэтай зімой першы раз выбраўся. Якія, маўляў, цяпер зімы — ні снегу, ні марозу.

Калісьці таўшчыня лёду дасягала 30−40 см, а цяпер усё танчэй і танчэй. Калі мінулай зімой таўшчыня была часам 22 см, то цяперашняй — максімум 13−14. І ваганні тэмпературы, натуральна, ні да чаго добрага не прыводзяць, а толькі ствараюць небяспеку. Напрыклад, сёння таўшчыня 10−15 см, але варта пацяплець, і праз суткі на лёд ужо не выйдзеш — вельмі небяспечна.

Штрафаваць парушальнікаў ратавальнікі не маюць права. А калі, да прыкладу, узяць з сабой міліцыянта і папросту караць рыбакоў рублём, яны пачнуць хавацца і ў выпадку надзвычайнай сітуацыі ім няма каму будзе дапамагчы. Таму галоўная задача, адзначае Маргарыта Дакучаева, — пераконваць рыбакоў не рызыкаваць і не выходзіць на слабы лёд.

Карысна

Самы тонкі лёд — у вусцях рэк, прытоках, месцах з хуткім цячэннем, там, дзе б’юць ключы, паблізу прарослых хмызнякоў.

Перш чым ступіць на лёд, праверце яго трываласць пешнем або палкай. Калі пешня прабівае лёд з аднаго ўдару, неадкладна вярніцеся па сваіх слядах да берага. Правяраць трываласць ударам нагі забаронена.

Перасоўвацца па лёдзе лепш дробнымі крокамі, не адрываючы ногі ад паверхні. Варта памятаць, што таўшчыня лёду неаднолькавая.

Па магчымасці выходзіце на лёд у спецыяльных касцюмах-паплаўках альбо выратавальных камізэльках, надзетых на куртку. Вазьміце з сабой трывалую вяроўку даўжынёй 15−20 метраў з пятлёй на адным канцы і грузам вагой 400−500 грамаў на іншым.

Пры групавым пераходзе па лёдзе варта рухацца на адлегласці 5−6 метраў адзін ад аднаго, уважліва назіраючы за тым, хто наперадзе. Не рэкамендуецца прабіваць шмат лунак на блізкай адлегласці, скакаць і бегаць па лёдзе, збірацца вялікімі групамі.

Якога колеру моцны лёд

Трывалым лічыцца празрысты лёд, які мае зялёнае або сіняватае адценне.

Бялёсы колер ён набывае ў перыяд вясновага раставання, калі становіцца сітаватым і слабым, пакрываецца адталай вадой, размякчаецца. Трываласць яго ў два разы меншая.

Шэры, матава-белы або з жаўтлявым адценнем лёд ненадзейны.

Падзяліцца

Апошнія запісы

У цэнтры Гродна прадаюць атмасферную кавярню — у камплекце ідзе кавамашына за $ 18 000

На пляцоўцы «Куфар» з'явілася аб'ява аб продажы гродзенскай кавярні «Чашки&ложки». Установа ўжо чатыры гады працуе…

23 снежня 2024

Для былой адміністрацыі на Савецкай шукаюць арандатараў - там прапануюць адкрыць салон прыгажосці

Аб'явы аб здачы памяшканняў у арэнду з'явіліся ў Instagram-акаўнце royal.grodno і на “Куфары”. У аб'явах…

23 снежня 2024

Жывёлы з гродзенскага прытулку атрымалі першыя падарункі ад таемных Сант — пункты выдачы заказаў перапоўнены

Гродзенскія пункты выдачы заказаў Wildberries і Ozon аказаліся перапоўнены падарункамі для жывёл. Гэта вынік Таемнага…

23 снежня 2024

Улады зробяць «раскладанку» са славутасцямі Гродна. Што туды патрапіла?

Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…

22 снежня 2024

У Гродне прайшоў парад Дзядоў Марозаў і Снягурак

Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…

21 снежня 2024

Нерухомасць тыдня: у Гродне прадаюць кватэру «калекцыянера» з электракамінам

Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…

21 снежня 2024