Дадаць навіну
Нядзеля, 25 лютага 2018, 11:51

Дзіўнае здарэнне «у Юры»: на Урублеўскага з акна пад’езда выпаў мужчына

Здарэнне адбылося каля 22.30 у сераду 7 студзеня ў адным з шматкватэрных дамоў на вуліцы Урублеўскага. Міліцыю на месца выклікаў жыхар дома, які ўбачыў чалавека, што ляжаў на дашку пад’езда. Разам з міліцыяй і медыкамі прыехалі супрацоўнікі МНС, якія аказвалі дапамогу пацярпеламу.

Немалады мужчына выпаў у пад’ездзе з акна паміж трэцім і чацвёртым паверхамі. Да прыезду медыкаў ён знаходзіўся без прытомнасці. Пацярпелага мужчыну апускалі на зямлю супрацоўнікі МНС, пасля чаго медыкі даставілі яго ў бальніцу.

Пацярпелы прыходзіў да Юры

На думку жыхароў пад’езда, дзе адбылося здарэнне, падзенне звязана з кватэрай мясцовага жыхара Юрыя, які вядзе не зусім нармальнае жыццё — выпівае і шуміць. Пенсіянер з трэцяга паверха Казімір Адольфавіч распавядае, што нават пасля таго, як выпаўшага з акна мужчыну забралі ў бальніцу, у суседа Юрыя ў кватэры працягваліся гулянкі да самай раніцы.

«Я выклікаў міліцыю. А хто выпаў з акна, я нават і не ведаю. У мужчыны быў твар моцна разбіты. Ведаю дакладна, што гэты чалавек дакладна прыходзіў да нашага Юркі на чацвёрты паверх, — распавядае Казімір Адольфавіч. — Там у кватэры ў яго сапраўдны бамжатнік і банда часта выпівае. Ужо колькі разоў рабілі заўвагу гаспадару кватэры, але ўсё без вынікаў. Верагодна, пацярпеламу, хтосьці дапамог выпасці. Сам ён не мог вываліцца ў акно, бо яно мае два шкла і яшчэ трэба пастарацца, каб яго разбіць. Юра наш шмат гадоў сядзеў і жыць з ім у пад’ездзе немагчыма, бо пастаянна буяніць. Яго быццам бы і ўчастковы правярае кожны дзень, але ўсё роўна працягваецца адно і тое ж».

Акно з якога выпаў мужчына. Шкло ўжо памянялі

«Нехта ўзяў пад рукі і скінуў»

Крысціна і Уладзімір жывуць на другім паверсе і ў момант падзення чалавека на казырок вельмі спалохаліся: падумалі, што гэта ў іх нехта разбіў шкло на балконе.

«Мы пілі гарбату і пачулі грукат. Было цёмна, мы нічога не ўбачылі. А праз некаторы час пад пад’езд прыехала хуткая, міліцыя і пажарныя.

Нам здаецца гэтага чалавека нехта ўзяў пад рукі і скінуў. Ну проста нерэальна так выпасці. Калі нават чалавеку блага ці ён нецвярозы, то ён два шкла не разаб’е галавой. Так што яму хутчэй дапамаглі. А да каго гэты чалавек прыйшоў у госці, гэта і так зразумела".

У хату не папаў, але выпаў з акна

Юрыю, пра якога суседзі кепска адгукаюцца і пра якога думаюць, што ён дапамог выпасці чалавеку, каля 60 гадоў. Большую частку жыцця ён правёў у турме. Калі суседзі на наступны дзень пасля здарэння абмяркоўвалі падзенне чалавека, мужчына выйшаў і растлумачыў сітуацыю.

«Я не хуліганю больш. А выпаў чалавек, які „сядзеў“. Ён нешта казаў, а я яго ў хату не пусціў, вось і ён вылецеў. Упаў. Ведаю, што ён зараз у рэанімацыі. Я гэтыя пытанні вырашу, а цяпер хачу адпачыць».


Начальнік аддзела крымінальнага вышуку Ленінскага РАУС маёр міліцыі Віталь Зезюлевiч пракаментаваў здарэнне: «Падчас аператыўных мерапрыемстваў удалося ўстанавіць, што мужчына, які ляжаў на дашку, распіваў спіртное разам з сябрамі. Ён выклікаў таксі і збіраўся ехаць па месцы жыхарства. Грамадзянін знаходзіўся ў стане моцнага алкагольнага ап’янення, страціў раўнавагу і вываліўся ў акно, разбіўшы яго сваім целам. На дадзены момант не атрымалася ўсталяваць крымінальны падтэкст таго, што адбылося. Супрацоўнікамі крымінальнага вышуку Ленінскага РАУС праводзяцць праверку.

Мужчына шпіталізаваны з шматлікімі пераломамі. На дадзены момант супрацоўнікі медустановы змагаюцца за яго жыццё.



Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

comments powered by HyperComments

Раім пачытаць

Каментары

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: