Санслужба праверыла 7 магазінаў Верцялішкаўскага сельсавета і ў кожным знайшла парушэнні санітарных нормаў і правілаў. З магазінаў канфіскавалі 22 кг пратэрмінаваных прадуктаў, піша «Перспектыва».
Крамы спецыялісты правяралі ў студзені. Пратэрмінаваныя прадукты знайшлі ў магазінах Гродзенскага філіяла аблспа ў Верцялішках і СВК «Прагрэс-Верцялішкі» у Жытомлі. У першым прадавалі гатовыя мясныя і кандытарскія вырабы са скончаным тэрмінам прыдатнасці, у другім — сырыя мясныя паўфабрыкаты і паўфабрыкаты ў цесце.
Акрамя таго, у Жытомлі знайшлі гатовыя мясныя прадукты без маркіроўкі, а ў краме «Бірэта Маркет» у пасёлку Берагавы — прадукцыю з маркіроўкай, якая не адпавядае патрабаванням заканадаўства.
Таксама ў магазінах не выконвалі правілы таварнага суседства, тэмпературны рэжым. Напрыклад, у «Бірэта Маркет» кулінарныя вырабы захоўвалі пры тэмпературы +26 градусаў, хоць па норме яна не павінна перавышаць плюс 6 градусаў.