У Гродзенскім раёне створана база для падрыхтоўкі да экстрэмальных горных паходаў, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік старшыні ГА «Рэспубліканскі турысцка-спартыўны саюз» Сяргей Каляда.

Капцёўка Гродзенскага раёна 10 лютага прыме абласныя спаборніцтвы па турысцка-прыкладным шматбор'і ў тэхніцы пешаходнага турызму ў закрытых памяшканнях.

«Месца правядзення выбрана не выпадкова. У школе гэтага аграгарадка нядаўна створана першая ў вобласці зала для трэніровак турыстаў, практычна палігон для падрыхтоўкі да сезону актыўнага турызму ў закрытых памяшканнях. Змантаваная горная сцяна для трэніровак па скалалажанні, нацягнутыя вяроўкі для імітацыі вертыкальных спускаў і пад’ёмаў, адпрацоўкі навыкаў працы з вяроўкамі, якія могуць спатрэбіцца ў гарах. У школе створана добрая каманда па турызме, з’явіўся і важны для трэніровак аб’ект», — адзначыў Сяргей Каляда.

Падобная зала, падкрэсліў ён, дазволіць падрыхтавацца і адпрацаваць навыкі, якія спатрэбяцца ў рэальных экстрэмальных паходах. Спаборніцтвы стануць першай прэзентацыяй базы для падрыхтоўкі турыстаў.

«Такі від адпачынку ў цяперашняй моладзі становіцца ўсё папулярней. Гарадзенцы ходзяць у паходы літаральна па ўсім свеце ад гор у Азіі і Афрыцы да цікавых маршрутаў у Амерыцы. Каб паход прайшоў бяспечна, неабходна падрыхтоўка», — адзначыў Сяргей Каляда.

Паводле яго слоў, у Гродне напрацаваны сур’ёзны вопыт па арганізацыі і правядзенні мерапрыемстваў для актыўнага турызму, створана каманда арганізатараў.