Чатыры хлопцы «напалі» на аўтамабіль і паклалі яго «на лапаткі» у вёсцы Вароны, што ў Бераставіцкім раёне.
Мясцовы жыхар пад’ехаў на машыне да аднаго з дамоў і пайшоў па справах. Свой «Фіят Уно» пакінуў на ўзбочыне, не парушаючы правілы дарожнага руху, паведамляе УУС Гродзенскага аблвыканкама.
У гэты час па вуліцы ішла кампанія хлопцаў, аднаму з іх 19, а траім па 29 гадоў. У галаву мінакам прыйшла ідэя: перавярнуць з колаў на дах пакінуты на краі праезнай часткі аўтамабіль. «Пацярпелы» Фіят даволі маленькі, таму хлопцы без цяжкасці зрабілі задуманае.
Калі ўладальнік іншамаркі ўбачыў, што стала з яго аўто, то адразу звярнуўся ў міліцыю. Зараз у адносінах да «асілкаў» распачалі крымінальную справу па артыкуле «Хуліганства».