Найстарэйшую гродзенскую прыватную галерэю «У Майстра» закрылі з лютага. Але жыхарам горада не варта хвалявацца. Культурная пляцоўка неўзабаве адкрыецца ў абноўленым выглядзе.

Уладальніца галерэі Ларыса Макей адзначае, што закрыццё ўстановы звязана са зменай іміджу. І ў будучыні яна бачыць гэта месца, як пляцоўку для стасункаў, абмеркавання культурных з’яў і атрымання новых уражанняў.

«Сёння мастацкая галерэя перастала быць выключна месцам экспанавання і продажу твораў мастацтва. Галерэя становіцца культурным кластарам, дзе можна не толькі паглядзець мастацтва, але і абмеркаваць яго з прафесіяналамі, паспрачацца з аўтарамі, альбо самому стаць саўдзельнікам мастацкага дзейства. Галоўнае ў сучасным мастацтве — гэта камунікацыя, бо без гледача твор не працуе»— кажа Ларыса.

Галерэю абновяць не толькі знешне, але і змястоўна. Уладальнікі будуць прыцягваць новых аўтараў і майстроў і імкнуцца да ўнікальнасці асартыменту, працаваць з мастакамі, якіх не часта можна ўбачыць у гродзенскіх выставачных залах, а таксама з маладымі перспектыўнымі аўтарамі. Жыхарам і гасцям горада абяцаюць лекцыі, майстар-класы, сустрэчы з мастакамі.

Даведка

Галерэя «У Майстра» адкрылася больш за чвэрць стагоддзя таму пад кіраўніцтвам Алены Пілічавай. Гэта была ледзь не першая прыватная галерэя ў краіне.

У ёй выстаўлялі працы тады яшчэ маладых мастакоў, якія пасля сталі вядомымі дзеячамі сучаснага мастацтва. Галерэя дала старт шматлікім беларускім майстрам, менавіта ў яе сценах былі прададзеныя першыя скураныя вырабы «Макей».

У апошнія гады пад кіраўніцтвам Анжалікі Купрыянік у галерэі правялі дзясяткі выстаў, майстар-класаў і іншых мерапрыемстваў.

Галерэя «У Майстра» закрываецца, каб адкрыцца ў новым іміджы і фармаце