У Гродне навучэнцы аднаго з каледжаў абакралі 42 аўтамабілі. Хлопцы — ураджэнцы Ваўкавыска, аднаму з іх — 18, другому 19 гадоў.
З аўтамабіляў, якія знаходзяцца ў раёне мясакамбіната, рынка «Карона», Панямунь, мікрараёна Фолюш, хлопцы забіралі магнітолы, навігатары, відэарэгістратары, запальніцы, каністры, колы. У адным выпадку зламыснікі знялі нават чахлы з сядзенняў, — распавялі ва УУС Гродзенскага аблвыканкама.
Хлопцы залазілі ў машыны праз незачыненыя дзверы або разбівалі шкло. Усе выкрадзеныя рэчы яны планавалі прадаць, складваючы іх ў гаражы, які загадзя арандавалі.
Падазраваныя раней праблем з законам не мелі. Зараз у дачыненні да іх узбуджана крымінальная справа па артыкуле «Крадзеж».