«Гімназія № 1 імя акадэміка Я. Ф. Карскага» па выніках працы за год названа лепшай установай агульнай сярэдняй адукацыі Беларусі, размешчанай у гарадской мясцовасці. Гэта пацверджана адпаведнай Граматай Міністэрства адукацыі, піша «Гродзенская праўда».
Гімназія займае лідзіруючыя пазіцыі ў сістэме адукацыі Гродзенскай вобласці па многіх паказчыках і ўвесь час працуе ў рэжыме пошуку і ўкаранення інавацый.
Штогод навучэнцы і педагогі гімназіі становяцца пераможцамі абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў і алімпіяд. За тры апошнія гады ў розных этапах рэспубліканскай алімпіяды сталі пераможцамі 370 навучэнцаў. А ў 2017 годзе на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах навучэнцы гімназіі № 1 прадэманстравалі адзін з лепшых вынікаў, заваяваўшы 35 дыпломаў. Па выніках заключнага этапу алімпіяды гімназія стала лепшай у Гродзенскай вобласці, сабраўшы 16 дыпломаў. Двое навучэнцаў гімназіі атрымалі 100-бальныя сертыфікаты на цэнтралізаваным тэставанні.
Значная ўвага надаецца сістэме выхаваўчай працы. У гімназіі на павышаным узроўні ажыццяўляецца выкладанне прадметаў эстэтычнага цыкла. Дзякуючы ініцыятыве і падтрымцы Інстытута Канфуцыя Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта ў маі 2016 года ў гімназіі адкрыты клас Канфуцыя, адзіны ў Гродзенскай вобласці, у якім школьнікі вывучаюць кітайскую мову і культуру.
Гімназія супрацоўнічае ў рамках рэалізацыі міжнародных адукацыйных праектаў з Літвой, Расіяй (гарады Пскоў і Кіраўск) і Польшчай.
У 2013 годзе калектыў гімназіі атрымаў званне Брэнд года.