У вёсцы Стрэльчыкі, што ў Гродзенскім раёне, Аляксандр Малянкоў пасяліўся некалькі гадоў таму. Паставіў зруб і завёў гаспадарку і паглыбіўся ў сялянскі побыт. У яго сям'і спажываюць толькі натуральныя прадукты, а сам гаспадар нават навучыўся пячы хлеб і вырабляць сычужны сыр, піша «Звязда».
Малянкоў кажа, што ўсё пачалося з нараджэння сына. Чым яго карміць? Прадукты з крамаў не задавальнялі з-за вялікага пераліку рэчываў, што пішуць на ўпакоўках. Тады і вырашыў паступова пераходзіць на сваё харчаванне. Пачаў з галоўнага прадукту — з хлеба. Асвоіў пякарскую справу яшчэ ва ўмовах гарадской кватэры. Муку набываў не ў краме, а з арганічных палёў Краснадара. У гэты ж час пачаў шукаць найбольш спрыяльную мадэль жыццёвага ўкладу.
Аляксандр Малянкоў вядзе на свае «вытворчыя» аб’екты. Іх некалькі. Найперш наведваем пякарню, дзе нядаўна выпеклі каля паўсотні буханак чорнага хлеба. Навошта столькі, пытаюся. Аказваецца, раздае сябрам і знаёмым. Печка яшчэ палае жарам, а на стале ў льняной покрыўцы радамі ляжыць духмяны хлеб. Побач, у халаднейшым пакоі, усталяваны акуратны драўляны млын. Цяпер Аляксандру не трэба купляць муку, дастаткова набыць зерне. Пастаўкі тыя ж — з палёў Растоўскай вобласці. Тут жа гатуецца закваска для сычужных сыроў з казінага малака, а сама абалонка, ці сычуг, сушыцца каля печы. Сыры робяць толькі для сябе, і з магазіннымі, па словах Аляксандра, яны не маюць нічога агульнага.
Праз сотню метраў — яшчэ ўчастак, дзе размешчаны хлеў для коз. Іх тут каля трыццаці. Амаль усе чакаюць прыплод, дзякуючы ў тым ліку важнаму на выгляд казлу Лотасу. Гаспадар плануе давесці статак да 90 галоў. Козы козамі, але будуць яшчэ ў гаспадарцы карова і коні.
Нядаўна яго гаспадарка пашырылася ажно на 50 га. На полі, якое выдзелена мясцовымі ўладамі, Малянкоў вырашыў пасадзіць бульбу.
— Буду зямлю апрацоўваць, — кажа ён, — ужо і насенне набыў у Пружанах, вядома ж на арганіцы, навошта людзей труціць? Нават ад жукоў не будзем апрацоўваць, а збіраць іх спецыяльным прыстасаваннем. Яго яшчэ 15 гадоў таму ў аграрным універсітэце сабралі, гэта доследны ўзор, але так і не задзейнічаны.
Што датычыцца збыту, бульбу, хутчэй за ўсё, павязуць на продаж у Расію. Пакуль на заробак не вельмі разлічваюць, хоць прадукт і арганічны. Але ўсё будзе залежаць ад попыту. Здаецца, што прыбытак ад рэалізацыі Малянкова мала хвалюе.
Дом уяўляе сабой адкрытую прастору, дзе і кухня, і гасцёўня, і пліта, і печка, і яшчэ шмат месца застаецца. Асаблівая ўтульнасць ідзе ад агню і ад сцен. Яны выкладзены з тоўстых бярвенняў, быццам без усялякага прамочвання. Можа, і так. У кухонным «адсеку» гаспадарыць жонка Дар’я. Яе галоўны гонар — таўшчэзная дубовая стальніца.
— Яна вельмі зручная, — кажа Дар’я. — можна і гарачае паставіць. Калі, бывае, мужа побач няма, можна нават птушку пасекчы.
Здаецца, ад былой гараджанкі не засталося і следу. Нас сустракае самая сапраўдная сялянка, прычым з мінулага. Доўгая сукенка з поясам, на галаве — хустка. Гэтую «моду» ўвёў муж, кажа Дар’я. Асабліва настойваў на хустцы, бо гэта галоўная прымета замужняй жанчыны. Жонка ў рэшце рэшт згадзілася.
Дар’я размаўляе і накрывае на стол. Вядома, ежу падаюць у гліняных талерках, якія зроблены ў нашых ганчароў, па заказе. Карыстаюцца ў сям'і і драўлянымі лыжкамі, але яны часта ламаюцца, кажа Дар’я. Мусім замяняць металічнымі. Супы вараць у кацялках над агнём.
Свае абавязкі ёсць у васьмігадовага сына Сашы — Аляксандра Трэцяга, як прадставіў яго бацька. Напрыклад, у печы распаліць, за курамі паглядзець, вароты зачыняць і нават фіранкі зацягваць. Вядома, ёсць у яго і свае гульні. Цяпер хлопчык узводзіць старажытны замак з гліны. Канструкцыя мацуецца спецыяльным растворам, таму будзе трывалая.
У доме няма тэлевізара і ўсялякіх гаджэтаў. Гэта спрыяе таму, што сям’я часцей бывае разам ці займаецца патрэбнымі для гаспадаркі справамі.
— Нельга сказаць, што ў нас усё гладка, — кажа Аляксандр Малянкоў, — бываюць пэўныя спрэчкі. Але калі ёсць магчымасць не падкрэсліваць асабістыя амбіцыі, навошта гэта рабіць?
Малянкоў зарэгістраваў сялянскую гаспадарку і ўзяў курс на арганічнае земляробства. Адным з важных здабыткаў у гэтай справе лічыць выдзяленне яму зямельнага ўчастка.
Каб гадоў дзесяць таму яму хто сказаў, што з Масквы ён вернецца ў Гродна, а затым яшчэ ў маленькую вёсачку, не паверыў бы. І зразумела: у чалавека за плячыма дзве вышэйшыя эканамічныя адукацыі, будаўнічы бізнес. Але пошукі духоўнасці і правільнага ўкладу жыцця прывялі ў вёску. Аляксандр стаў глыбока веруючым і абавязкова перахрысціцца перад вялікім драўляным крыжам, які паставіў на сваім падворку.
На пляцоўцы «Куфар» з'явілася аб'ява аб продажы гродзенскай кавярні «Чашки&ложки». Установа ўжо чатыры гады працуе…
Аб'явы аб здачы памяшканняў у арэнду з'явіліся ў Instagram-акаўнце royal.grodno і на “Куфары”. У аб'явах…
Гродзенскія пункты выдачы заказаў Wildberries і Ozon аказаліся перапоўнены падарункамі для жывёл. Гэта вынік Таемнага…
Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…
Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…
Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…