Падчас асабістага прыёму грамадзян у Гродне намеснік прэм’ер-міністра Анатоль Калінін распавёў пра імавернасць арганізацыі авіяпералётаў Гродна-Варшава і Гродна-Вільня, піша «Гродзенская праўда».
Адзін з гарадзенцаў звярнуўся да віцэ-прэм'ера з прапановай аб развіцці рэгулярных авіязносін, прыцягнення кампаній-лаўкостараў і развіцці гродзенскага аэрапорта.
«Інфраструктура гродзенскага аэрапорта дастаткова сучасная. Арганізуюцца тут і пастаянныя рэйсы, у прыватнасці ў Калінінград, а ў летні сезон — і ў Балгарыю. Пастаўлена задача авіятарам ўнесці лепту ў пашырэнне маршрутаў. Заканадаўства сёння дазваляе прыняць любога перавозчыка, у тым ліку аператараў-лаўкостараў» , — адзначыў Анатоль Калінін.
Ён падкрэсліў, што ключавым для бізнесу часта застаецца пытанне пасажырапатоку. Аэропрорт ў Гродне абслужыў ў 2016 годзе 5 тыс. пасажыраў, у 2017-м — ужо 10 тыс. Як чакаецца, у бягучым годзе гэтая лічба будзе яшчэ вышэй. У прыватнасці, у сезон актыўнасці турыстаў прапрацоўваецца пытанне аб арганізацыі рэйсаў у Варшаву і Вільню.
Як адзначыў начальнік Гродзенскага філіяла РУП «Белаэранавігацыя» Анатоль Купрашэвіч, вядуцца перамовы з адной з польскіх авіякампаній па арганізацыі рэйсаў Гродна-Варшава з частатой да 9 раз у тыдзень.
Таксама ў прапрацоўцы пытанне на прыём бізнес-джэтаў са Славакіі і Германіі. Дарэчы, нядаўна аэрапорт у Гродне прыняў першых бязвізавых пасажыраў. Імі сталі грамадзяне Польшчы, якія прыляцелі на прыватным самалёце.
Анатоль Калінін падкрэсліў, што да канца лютага Гродзенская вобласць павінна ўнесці ва ўрад прапановы аб развіцці авіязносін.
Ён таксама падкрэсліў, што, нягледзячы на прывабнасць Гродна для турыстаў, неабходна больш рэкламаваць магчымасці горада і краіны за мяжой. Гэтае пытанне стане тэмай для асобнага абмеркавання.
[irp posts="44 812″ name="10 дзён, чыгунка і аэрапорт. Гродзенскі бязвіз падоўжылі на 2018 год"]