Усяго за 2017 год супрацоўнікі Лідскай ДАІ затрымалі 195 кіроўцаў, якія селі за руль нецвярозымі, 8 з іх — паўторна на працягу года, піша 0154.by.

Самы п’яны

Некаторыя аматары гарачыльных напояў сядалі за руль у стане, блізкім да клінічнай комы. Так, 12 мая ў Бярозаўцы інспектары спынілі лідчаніна на «Форд Мандэа». У яго крыві выявілі 3,13 праміле алкаголю. Абсалютным «рэкардсменам» з’яўляецца жыхар Гродна, якога затрымалi 11 лютага каля вёскі Драздова. Яго паказчык — 3,28 праміле. Па медыцынскіх паказаннях наяўнасць у крыві 3−4 праміле алкаголю — гэта стан на мяжы жыцця і смерці.

З пачатку 2018 года супрацоўнікі Лідскай ДАІ ўжо выявілі 8 фактаў, калі транспартным сродкам кіравалі нецвярозыя вадзіцелі.

Самы хуткі

Самых «шустрых» кіроўцаў спынілі на трасе Мінск — Гродна. На 69 км/г перавысіў хуткасць мужчына з Масквы. Жыхар Гданьска разагнаўся на 71 км/г больш, чым трэба. А вось «супергоншчыкам» па выніках 2017 года з’яўляецца малады чалавек з Ашмянаў. 19-гадовы хлопец «падняў» хуткасную планку на 74 км/г. Яго затрымалі 22 чэрвеня на 158-м кіламетры трасы. Цікава, што літаральна праз месяц, 30 ліпеня, ён паўторна перавысіў хуткасць — ужо на 34 км/г, за што быў пазбаўлены правоў на 3 месяцы.

У новым годзе лідскія дзяржаўтаінспектары спынілі ўжо 69 ліхачоў. Самае вялікае перавышэнне — 51 км/г.

Лідская ДАІ назвала антыгерояў-2017: п'яны «рэкардсмен» з Гродна кіраваў аўто ў стане, блізкім да комы

Самы злосны

На гэтае званне могуць прэтэндаваць два лідчаніны, якія ў вольны час нелегальна падпрацоўвалі таксістамі. Таму большасць парушэнняў ПДР з іх боку зафіксавана ў начны час. Так, на аднаго з іх за год складзена 29 пратаколаў - за язду без дакументаў, перавышэнне хуткасці, адсутнасць тэхагляду і іншыя. Дарэчы, штрафы за правапарушэнні ён да гэтага часу не аплаціў.

А вось безумоўны рэкорд у гэтай «намінацыі» належыць 28-гадоваму лідчаніну, якога прыцягвалі да адказнасці па лініі ДАІ 37 разоў за год, прычым 13 з іх — за няпройдзены тэхагляд. Самае першае яго парушэнне — непрышпілены рэмень бяспекі. Пратаколы складалі таксама за язду не на зімовай гуме, без дакументаў, без страхоўкі. Малады чалавек парушаў ПДР не толькі як кіроўца, але і як пешаход — ён быў аштрафаваны за адсутнасць флікера. Агульная сума яго штрафаў склала 1253,50 руб.