Ужо ў пачатку чэрвеня Гродна зноў стане сталіцай ўсіх нацыянальнасцяў - тут пройдуць заключныя мерапрыемствы Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур. Кожнае свята абяцае гасцям і гледачам нямала прыемных сюрпрызаў, не выключэнне і будучы. Пра некаторыя цікавосткі напісала «Гродзенская праўда».
Кафэ ў старым аўтобусе
Адзін са старых аўтобусаў, які можна было ўбачыць на вуліцах горада гадоў дзесяць таму ці больш, па задумцы галоўнага рэжысёра заключных мерапрыемстваў фестывалю Вольгі Багдановіч ператворыцца ў кафэ. Упрыгожаны і размаляваны ў духу фестывальнай тэматыкі, са столікамі і смачным пачастункам — аўтобус-кафэ дакладна не застанецца незаўважаным. Як распавялі ў аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі гарвыканкама, прыпаркуецца ён дзесьці ў цэнтры горада, цяпер акурат выбіраюць прыдатную пляцоўку.
Гадзіннік з лялькамі
Да фестывалю нацыянальных культур у горадзе можа з’явіцца яшчэ адзін незвычайны турыстычны аб’ект. Гэта дыярама на фестывальную тэматыку, нешта накшталт знакамітага гадзінніка на будынку тэатра лялек імя Абразцова ў Маскве: у адзін і той ж час гадзіннік адкрываецца і пачынаецца лялечнае прадстаўленне. Для Гродна ёсць задумка з дапамогай гэтага аб’екта распавесці пра фестываль.
Зараз прапрацоўваюцца дэталі праекта, у тым ліку і адна з самых складаных — механіка. Таксама вырашаецца пытанне, дзе размесціцца новы турыстычны аб’ект, як ён будзе працаваць. Варыянтаў некалькі: дыярама можа прыводзіцца ў дзеянне ўручную, у пэўны час або пасля апускання манеткі.
Адкрыццё дыярамы запланавана на чэрвень, а пасля свята яна застанецца ў горадзе, каб лялькі маглі «распавесці» турыстам пра самы маштабны і каларытны фестываль Гродна.