За мінулыя суткі Гродзенская ДАІ зафіксавала 43 аўтааварыі з тэхнічнымі пашкоджаннямі ў Гродне і яго прыгарадзе, 7 ДТЗ — у Лідскім раёне, 4 у Шчучынскім і 1 у Свіслацкім, паведамляе ДАІ Гродзенскага аблвыканкама.
У дзвюх аварыях два чалавекі загінулі, яшчэ тры ўдзельнікі руху атрымалі траўмы.
Выпадзенне ападкаў у такім аб’ёме стала не самым лепшым сюрпрызам для вадзіцеляў, якія, магчыма, дзякуючы адносна цёплай зіме забыліся пра неабходнасць змены стылю кіравання з «летняга» на «зімовы».
Гэтак 17 студзеня ў першай палове дня кіроўца маршруткі стукнуўся ў мінівэн, які спыніўся, і ў выніку мінівэн адкінула на дарожнага рабочага. Мужчына трапіў у шпіталь.
Цэлы дзень і ўсю ноч нарады ДАІ ў абласным цэнтры суправаджалі калоны спецыялізаванай тэхнікі па ачыстцы снегу.
Адначасова са зніжэннем інтэнсіўнасці выпадзення ападкаў і інтэнсіўнасці транспартнага руху знізілася і вастрыня дарожнага становішча. Так, пачынаючы з 22.00 да 06.00 аформлена толькі 1 ДТЗ.
Па прагнозах сіноптыкаў снегапады ў бліжэйшыя дні могуць паўтарыцца.