Снег, які ішоў цэлы дзень 17 студзеня, даў магчымасць многім гродзенцам ўпершыню гэтай зімой пракаціцца з горкі. Ці не ў кожным двары горада можна ўбачыць дарослых і дзяцей з санкамі і цюбінгамі. Традыцыйна найбольш людзей збірае горка ў мікрараёне Фарты.

На горку ў гэты мікрараён, які знаходзіцца адразу ля Пышкоў, некаторыя адправіліся яшчэ ўвечары 17 студзеня, калі была мінусавая тэмпература. На наступны дзень, калі снег перастаў ісці і пачалося пацяпленне, людзей на горцы было вельмі шмат.

Аляксандр

— Зімы цяпер без снегу і мы ўпершыню з сынам выйшлі зімой на горку ля дома. Катаклізмы, самыя сапраўдныя, і з гэтым нічога не зробіш. Сёння для нас снег — гэта радасць, так што мы карыстаемся гэтымі выдатнымі момантамі.

Анастасія

— Мы самі жывем у Альшанцы, а на горку прыехалі пасля таго, як забіралі дзяцей са школы ў цэнтры Гродна. Усе санкі і цюбінгі ў нас з сабой у машыне. Катаемся на горцы ў Пышках ўжо другі раз гэтай зімой і нам вельмі падабаецца. Пакуль надвор’е дае нам магчымась катацца, мы карыстаемся гэтым.

Ніка

— Адклаўшы ўсе справы, мы прыйшлі на гару ў Пышкі яшчэ ў сераду ўвечары, калі быў мароз. Нікога не было і мы каталіся ў задавальненне па чыстым снезе. Гэта быў першы раз гэтай зімой, калі мы каталіся. Толькі ў такія моманты можна адчуць смак новага года і паверыць у зімовую казку. На наступны дзень, калі крыху пацяплела мы таксама з сынам прыйшлі на горку. Прыемны бонус — можна зляпіць снегавіка. Дзіцяці на горцы падабаецца, ён нават прамяняў Playstation на цюбінг.