37-гадовы турыст у мінчанкі скраў мабільны тэлефон на Гродзенскім чыгуначным вакзале. Вылічылі злодзея хутка: па званку супрацоўніка майстэрні, дзе зламыснік спрабаваў прадаць тэхніку. Выпадак адбыўся 12 студзеня, піша «Перспектыва».

Як паведамілі ў прэс-службе УУС Гродзенскага аблвыканкама, пацярпелая мінчанка з сяброўкамі была на экскурсіі ў Гродна, вярталася дадому, задрамала ў зале чакання на вакзале, а пасля ўбачыла, што прапаў тэлефон. Выкрадальнік непрыкметна выцягнуў дэвайс ў яе з кішэні.

Мужчына адразу ж вырашыў збыць рэч. Раскрыў злачынства супрацоўнік майстэрні: ён ўпотай патэлефанаваў па апошнім набраным нумары на тэлефоне, бо ў апараце знайшоў сім-карту. Па нумары адказала сяброўка пацярпелай. Дзяўчыны на той момант пісалі заяву ў міліцыі.

Высветлілася, што падазраваны грамадзянін прыбыў у Беларусь з суседняй краіны, пастаяннага месца пражывання тут не меў.