На трох участках Нёмана аматарскае рыбалоўства забаронена. Лавіць рыбу тут можна толькі адной вудай з адным адзінарным, двайным, ці трайным кручком. Забарона дзейнічае да 31 сакавіка. За парушэнне правілаў зімовай рыбалкі прадугледжаны штраф у памеры ад 20 да 50 базавых велічынь.
Як распавёў тэлеканалу «Гродна Плюс» Сяргей Базар, намеснік начальніка Гродзенскай абласной інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету:
— Гэта ўчастак ракі Нёман уніз па цячэнні 1000 метраў ад Гродзенскай ГЭС да ўпадзення безназоўнага ручая. Тут забарона ўсталяваная да 1 ліпеня 2020 года. Участак Аўгустоўскага канала на адлегласці 350 метраў ад яго ўпадзення да прычала Місевічы. І трэці ўчастак — гэта водазабор каўшовага тыпу ААТ «Гродна Азот» паблізу вёскі Пагараны на адлегласці 50 метраў уніз і ўверх па цячэнні ракі Нёман ад дадзенага каўша.
Нагадваем, за забаронены спосаб лоўлі прадугледжаны штраф у памеры ад 10 да 20 базавых велічынь.
Гэтаксама выратавальнікі папярэджваюць аматараў зімовай рыбалкі пра небяспеку выходзіць на лёд. Нягледзячы на тое, што ледзяная скарынка яшчэ не настолькі моцная, каб упэўнена на яе выходзіць, рыбакі ўжо аблюбавалі самыя буйныя вадаёмы вобласці. Асабліва вялікай папулярнасцю ў іх карыстаюцца возера Юбілейнае, Зэльвенскае вадасховішча, вадаёмы ў Парэчча і Азёрах.
— Выходзіць на лёд забаронена. Гэта небяспечна для жыцця. Тым больш калі ён яшчэ зусім нетрывалы. Лёду трэба набраць хаця б сем сантыметраў. Пра дастатковую таўшчыню ледзянога покрыва кажа яго блакітнаваты колер і празрыстасць, — распавядае начальнік вадалазна-выратавальнай службы абласной арганізацыі АСВОД Юрый Касцевіч, піша «Гродзенская праўда».
Ён падкрэслівае, што калі ўсё ж вырашылі парыбачыць на лёдзе, гэта трэба рабіць у зоне дзеяння выратавальных станцый і пастоў. Акрамя гэтага, неабходна апранаць выратавальную камізэльку, а таксама мець пры сабе сродкі самавыратавання: вяроўку, шыла.
Яшчэ адно залатое правіла бяспекі: не варта свідраваць ў адным месцы больш за дзве-тры лункі, гэта зніжае запас трываласці лёду. У сувязі з умовамі надвор’я выратавальнікі ўзмоцнілі патруляванне вадаёмаў.
За апошнія дні ў краіне адбыліся сем няшчасных выпадкаў на лёдзе. Сярод загінуўшых ёсць дзеці. На шчасце, нашай вобласці ўдалося пазбегнуць трагедый на ледзьве замерзлых вадаёмах. На выходных на возеры Юбілейным зваліўся ў ваду мужчына, які вырашыў пакатацца на каньках. Выратавальнікі падаспелі своечасова.