У Гродне па традыцыі цэнтрам прыцягнення жадаючых акунуцца ў вадохрышчанскую ваду стане возера Юбілейнае. Масавае купанне тут пройдзе 19 студзеня з 13.00 да 15.00 гадзін, але ў мэтах бяспекі работнікі выратавальнай станцыі будуць несці ўзмоцненае дзяжурства і за межамі гэтага часу, піша «Гродзенская праўда».

Як паказвае практыка, людзі пачынаюць акунацца ў першыя гадзіны святочнага дня, а завяршаюць — бліжэй да паўночы.

Бяспечней за ўсё акунацца ў ваду, якая, па павер'і, у гэты дзень надзелена асаблівай сілай, у вызначаны арганізатарамі час. Да яго адказныя службы належным чынам падрыхтуюць купель і забяспечаць бяспеку. На Юбілейным возеры гэтым сумесна зоймуцца прадстаўнікі вадалазна-выратавальнай службы пажарнага аварыйна-выратавальнага атрада абласнога ўпраўлення МНС і матросы-ратавальнікі выратавальнай станцыі «Юбілейная».

Як распавёў начальнік атрада Віталь Кесса, ёсць пэўныя патрабаванні да абсталявання купель, і ратавальнікі строга іх прытрымліваюцца. У прыватнасці, папярэдне абследуюць дно і папрыбіраюць лішнія прадметы, агароджваюць месца купання, пры адсутнасці пакатага сходу ўсталёўваюць лесвіцу. Дарэчы, глыбіня купелі не павінна перавышаць 1,8 метра, каб абрад маглі бяспечна прайсці як дарослыя, так і дзеці.

Ратавальнікі будуць пільна сачыць за ўдзельнікамі купанняў падчас спуску і выхаду з вады. На беразе ўсіх чакае салдацкая каша і гарачы чай. Кухню і палаткі для пераапранання арганізуюць вайскоўцы.

Інфармацыя для тых, хто плануе прыехаць на Юбілейнае возера, каб паглядзець на яркае дзейства або падтрымаць знаёмых, якія вырашылі акунуцца: у гэтым годзе ў мэтах бяспекі на лёд пускаць не будуць. Як распавёў начальнік вадалазна-выратавальнай службы абласной арганізацыі ОСВОД Юрый Касцевіч, ледзяное покрыва занадта тонкае для таго, каб на ім магло адначасова знаходзіцца шмат людзей. Таму назіраць давядзецца з берага.

У раёнах, дзе ёсць выратавальныя станцыі, купанне будзе арганізавана ў зоне іх дзеяння. У астатніх рэгіёнах сажалкі для абсталявання купелямі вызначаны мясцовай уладай.