Устаноўленыя ўздоўж дзяржаўнай мяжы сістэмы відэаназірання, ахоўная сігналізацыя фіксуюць і аналізуюць тое, што адбываецца на рэжымных тэрыторыях у аўтаматызаваным рэжыме. Так, увечары 11 студзеня ў аб’ектывы сістэмы відэаназірання на літоўскім напрамку трапіў невядомы транспарт, які рухаўся па чыгуначным палатне ў бок Беларусі, паведамляе Дзяржапагранкамітэт.
Пагранічны нарад па аператыўна перададзенай інфармацыі за 200 метраў ад беларуска-літоўскай мяжы спыніў імправізаваную металічную каляску. Выраб, зроблены саматужным спосабам, вонкава падобны да дрызіны ў мініяцюры, прыводзіў у рух электрарухавік, які падзаражаўся двума акумулятарамі.
Такі «транспарт» павінен быў адыграць важную ролю ў справе кантрабандыстаў. Як мяркуецца, менавіта яны паспрабавалі выкарыстаць каляску для «разведкі» мясцовасці. Аднак новы метад кантрабанды апынуўся правальным.
Зараз шукаюць асоб, якія маюць дачыненне да супрацьпраўнай дзейнасці на мяжы.