На возеры Юбілейным пад Гродна выратавалі мужчыну, які праваліўся пад лёд, піша БЕЛТА.
Трагедыяй магло скончыцца катанне на каньках на нямоцным лёдзе для 29-гадовага жыхара адной з вёсак пад Гродна. Усё адбылося на возеры Юбілейным: мужчына выпісваў піруэты на лёдзе непадалёк ад дамбы і ў нейкі момант праваліўся ў ваду.
«На сітуацыю звярнулі ўвагу на выратавальнай станцыі. Тут жа да месца здарэння накіраваліся ратавальнікі, мужчыну дасталі з вады», — расказалі ў Гродзенскай абласной арганізацыі ТВВОД.
Гэта першае ў рэгіёне здарэнне на вадзе ў 2018 годзе. Ратавальнікі нагадваюць, што выхад на слабы лёд смяротна небяспечны: напрыклад, на возеры Юбілейным лёдам пакрыта толькі палова воднай роўнядзі. У сувязі з умовамі надвор’я ТВВОД у рэгіёне ўзмацніў патруляванне вадаёмаў. У зоне ўвагі найбольш папулярныя ў зімовых рыбакоў азёры і рэкі.