Сёлета XVII Міжнародны фестываль праваслаўных спеваў «Каложскі дабравест» адбудзецца ў Гродне з 5 па 10 лютага. Чакаецца нямала цікавых калектываў і манераў выканання. Напрыклад, будуць калектывы з Македоніі і Чарнагорыі. Пеўчая традыцыя гэтых краінаў яшчэ не была прадстаўленая на фестывалі, піша «Гродзенская праўда».

Арганізатары запрасілі свецкі маладзёвы жаночы хор з македонскага горада Велес і вялікі змяшаны хор Сербскай пеўчай супольнасці «Адзінства» з чарнагорскага горада Катора.

Будуць і ўжо знаёмыя гродзенскім гледачам хоры. Напрыклад, у конкурсе будуць удзельнічаць царкоўны хор з Ташкента (Узбекістан), а таксама Мітрапалічы хор Свята-Духава кафедральнага сабора з Мінска. Па традыцыі фестываль адкрые выступ пераможцы мінулага года — Акадэмічны хор Расійскай акадэміі музыкі імя Гнесіных з Масквы.

У конкурснай праграме прымуць удзел дарослыя і дзіцячыя царкоўныя і свецкія калектывы Беларусі. З 11 студзеня пачаліся конкурсныя праслухоўванні калектываў, лепшыя з якіх трапяць на сцэну фестываля. 8 і 9 лютага ў Свята-Пакроўскім кафедральным саборы ў Гродне адбудуцца конкурсныя праслухоўванні, 9 лютага ў Гарадскім доме культуры запланаваны вечаровы канцэрт. Святочнае адкрыццё і закрыццё фестываля адбудзецца ў Драмтэатры.