У горадзе не рэдка здараюцца выпадкі, калі падчас паездкі ў таксі пасажыры забываюць свае рэчы. Некалькі тыдняў таму ў Гродне 27-гадовы малады чалавек забыўся на заднім сядзенні аўтамабіля таксі свой iPhone 6, паведамляе УУС Гродзенскага аблвыканкама.

Наступным пасажырам гэтай машыны была 20-гадовая грамадзянка Туркменістана, студэнтка аднай з ВНУ горада. Яна ацаніла падарунак лёсу, які каштуе некалькі сотняў даляраў, і пакінула тэлефон сабе.

Як правіла, у выхадныя замовы ў службу таксі паступаюць адна за адной, і кіроўцы, высадзіўшы адных пасажыраў, адразу едуць па іншых, таму не заўсёды паспяваюць агледзець салон.

Пазней уласнік тэлефона сам звярнуўся ў міліцыю. Дзяўчыну, якая вырашыла прысвоіць чужы iPhone, знайшлі хутка. Зараз у дачыненні да яе ўзбуджана крымінальная справа па артыкуле «Крадзеж».