У карупцыйным злачынстве абвінавацілі начальніка падраздзялення Гродзенскага вытворчага ўпраўлення “Гроднагаз”, паведамляе ўпраўленне СК. 

“Са жніўня 2015 года па снежань 2016 года 34-гадовы кіраўнік ўступіў у злачынную змову з прадстаўніком некалькіх суб’ектаў гаспадарання, якім на падставе заключаных дагавораў платна аказвалі паслугі па захоўванні звадкаванага вуглевадароднага газу”, – расказаў афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці Сяргей Шаршаневіч.

Пасля гэтага мужчына атрымліваў хабар за тое, што яго падначаленыя выконвалі неўласцівую ім працу: сканавалі, капіявалі і адпраўлялі дакументы і афармленні міжнародных аўтатранспартных накладных.

Акрамя гэтага, для выгады захоўвалі штомесячныя тэхналагічныя паказчыкі страт газу. Гэта дазваляла не кампенсаваць яго страты пры захоўванні.

Чытайце яшчэ:  За “адкаты” цягам 8 гадоў асудзілі дырэктара і намесніцу “Гроднааблсаюздрука”

Агулам абвінавачаны атрымаў у якасці хабару 12 тысяч долараў. Зараз ён пад вартай. Следчыя арыштавалі яго маёмасць у суме каля Br85 тыcяч.

“Дзеянні службовай асобы кваліфікаваныя следствам па ч. 3 арт. 430 КК (атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры)”, – адзначыў Сяргей Шаршаневіч.

Крымінальная справа накіраваная пракурорам для разгляду ў суд.