Увесну Лідскі лясгас высадзіць самы старажытны від на Зямлі – гінкго білоба. Гэтыя дрэвы з’яўляюцца помнікам прыроды сусветнага значэння і занесены ў Чырвоную кнігу свету, піша “Лідская газета”.

Экзатычную для нашай краіны расліну лясгас набыў у канцы восені ў Цэнтральным батанічным садзе НАН Беларусі. Як распавёў намеснік дырэктара па ідэалагічнай працы Лідскага лясгаса Чэслаў Борка, гінкго білоба купілі ў колькасці двух дрэў і высадзяць вясной у раёне алеі любові.

– Цікава, што калісьці гэтае дрэва ўжо расло ў парку «Горні», – пракаментаваў Чэслаў Міхайлавіч. – Гэта засведчана ў старадаўняй кнізе пра паркі Беларусі, якую напісаў спецыяліст па азеляненні Федарчук.

Гінкго білоба (Ginkgo biloba) – Рэліктавае дрэва, якое дажыло з мезазойскай эры да нашых часоў. Яго яшчэ называюць дрэвам дыназаўра. А даоскія манахі лічылі гэтую расліну сімвалам энергіі інь і янь, мяркуючы, што дрэва – захавальнік мудрасці, а таксама любові. Гінкго білоба можа дасягаць вышыні 30-40 метраў.

Чытайце яшчэ:  Пад Лідай стварылі першы ў Беларусі квэст-лабірынт з жывых туяў