
Два гады таму польская прафесарка Марыя Каламайска-Саед знайшла ў Гродне скрыню старадаўніх дакументаў – частку архіву гродзенскага кляштара брыгітак. Каштоўныя дакументы, якія рассыпаліся ў руках, удалося захаваць дзякуючы ўдзелу Музея Падляшскага ў Беластоку, піша Gazeta Wyborcza.
Прафесар Каламайска-Саед – гісторык мастацтва, супрацоўніца польскай Акадэміі навук, якая даследавала помнікі сакральнай архітэктуры на ўсходзе былой Рэчы Паспалітай. Яна даследавала многія касцёлы Беларусі і даўно супрацоўнічае з Музеем Падляшскім. Знайшоўшы каштоўныя дакументы ў Гродне, яна адразу звязалася з музеем. Беластоцкая ўстанова ў рамках міністэрскіх праграм атрымлівае гранты на такую дзейнасць – ратаванне польскай спадчыны за межамі Польшчы.
Дырэктар музея Анджэй Лехоўскі кажа, што не задумваўся ані на хвіліну:
“Нельга было чакаць, папера літаральна рассыпалася ў руках”.
Музей атрымаў 28 тысяч злотых ад Міністэрства культуры, яшчэ частку грошай выдзелілі улады Падляшскага ваяводства. Агулам праца каштавала больш за 30 тыс. злотых.
Выратаваныя дакументы вернуцца ў Гродна – у Гісторыка-археалагічны музей. У канцы 2018 года там нават можа прайсці выстава, прысвечаная выратаванаму архіву брыгітак. У Беластоку застануцца копіі дакументаў, іх перавядуць у лічбавы фармат і перададуць у дзяржаўны архіў.
Усяго ў Гродне былі знойдзены 497 картак дакументаў. Іх аднаўляла спецыялізаваная рэстаўрацыйная майстэрня з Варшавы.
Але гэта толькі дробная частка архіву кляштара. Рэшта наогул загінула невядома дзе. А там былі надзвычай каштоўныя кнігі і дакументы.
Захаваныя дакументы паходзяць з розных эпох – ад 16 да 20 ст. Сярод іх – правілы ордэну, падрабязныя рэгламенты жыцця манашак, зборнікі малітваў і спеваў, спісы нерухомасці, што належала да кляштара.
Частка дакументаў па-польску, частка па-руску. На польскай мове вялася ўнутраная перапіска, на рускай – перапіска з чыноўнікамі. Ёсць запісы аб аплаце “за свечкі”, “крупу”, “за бычка-адналетка”.
Каштоўны архіў брыгітак, які ствараўся ад 1634 года, калі паўстаў кляштар у Гродне, каталагізавалі манашкі назарэтанкі ў 1925 годзе. Пасля 1950 года, калі кляштар перарабілі на псіхіятрычны шпіталь, вялікая частка архіву загінула.
Апошні раз бацька гродзенскага журналіста і актывіста Анджэя Пачобута атрымаў ад яго ліст у канцы…
У Гродне закрываецца кафэ «Одесса-мама», размешчаная ў тусовачным дворыку на вуліцы Вялікай Траецкай. Установа будзе…
У Доме быту на Замкавай не будзе надбудаванага паверха і псеўдагістарычных элементаў. У новым праекце…
Першы сакратар Гродзенскай абласной арганізацыі БРСМ Пётр Касіцкі ў інтэрв'ю тэлеканалу «Гродна Плюс» расказаў пра…
На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікавалі пастанову Міністэрства адукацыі аб навучанні за межамі краіны. Сярод іншага,…
З 1 лютага 2026 года паркоўка на тэрыторыі гандлёва-забаўляльнага комплексу Triniti ў начны час будзе…