Два гады таму польская прафесарка Марыя Каламайска-Саед знайшла ў Гродне скрыню старадаўніх дакументаў - частку архіву гродзенскага кляштара брыгітак. Каштоўныя дакументы, якія рассыпаліся ў руках, удалося захаваць дзякуючы ўдзелу Музея Падляшскага ў Беластоку, піша Gazeta Wyborcza.
Прафесар Каламайска-Саед — гісторык мастацтва, супрацоўніца польскай Акадэміі навук, якая даследавала помнікі сакральнай архітэктуры на ўсходзе былой Рэчы Паспалітай. Яна даследавала многія касцёлы Беларусі і даўно супрацоўнічае з Музеем Падляшскім. Знайшоўшы каштоўныя дакументы ў Гродне, яна адразу звязалася з музеем. Беластоцкая ўстанова ў рамках міністэрскіх праграм атрымлівае гранты на такую дзейнасць — ратаванне польскай спадчыны за межамі Польшчы.
Дакументы рассыпаліся ў руках
Дырэктар музея Анджэй Лехоўскі кажа, што не задумваўся ані на хвіліну:
«Нельга было чакаць, папера літаральна рассыпалася ў руках».
Музей атрымаў 28 тысяч злотых ад Міністэрства культуры, яшчэ частку грошай выдзелілі улады Падляшскага ваяводства. Агулам праца каштавала больш за 30 тыс. злотых.
[irp posts="41 894″ name="Над уваходам у Фарны касцёл павесілі новы барэльеф: што ён азначае?"]
Выратаваныя дакументы вернуцца ў Гродна — у Гісторыка-археалагічны музей. У канцы 2018 года там нават можа прайсці выстава, прысвечаная выратаванаму архіву брыгітак. У Беластоку застануцца копіі дакументаў, іх перавядуць у лічбавы фармат і перададуць у дзяржаўны архіў.
Каштоўнасці з 16 да 20 ст.
Усяго ў Гродне былі знойдзены 497 картак дакументаў. Іх аднаўляла спецыялізаваная рэстаўрацыйная майстэрня з Варшавы.
Але гэта толькі дробная частка архіву кляштара. Рэшта наогул загінула невядома дзе. А там былі надзвычай каштоўныя кнігі і дакументы.
Захаваныя дакументы паходзяць з розных эпох — ад 16 да 20 ст. Сярод іх — правілы ордэну, падрабязныя рэгламенты жыцця манашак, зборнікі малітваў і спеваў, спісы нерухомасці, што належала да кляштара.
Частка дакументаў па-польску, частка па-руску. На польскай мове вялася ўнутраная перапіска, на рускай — перапіска з чыноўнікамі. Ёсць запісы аб аплаце «за свечкі», «крупу», «за бычка-адналетка».
[irp posts="45 049″ name="Дзеці з дзятлаўскага касцёла трапілі на першую старонку The Wall Street Journal"]
Большасць архіву знікла
Каштоўны архіў брыгітак, які ствараўся ад 1634 года, калі паўстаў кляштар у Гродне, каталагізавалі манашкі назарэтанкі ў 1925 годзе. Пасля 1950 года, калі кляштар перарабілі на псіхіятрычны шпіталь, вялікая частка архіву загінула.