Разгляд справы аб здарэнні на ААТ «Гродна Азот», калі загінулі двое рабочых, прыпынілі на пачатку снежня. У суда з’явіліся сумневы, што трагедыя адбылася з-за пажару.
Падставай для сумневаў сталася апытанне спецыяліста Універсітэта грамадзянскай абароны МНС з Мінска.
— Ён патлумачыў, што іскра, або металічная капля ад газавага разака пры сваёй масе і хуткасці магла і не прапаліць кардон і поліэтыленавую плёнку, якімі было накрытае небяспечнае рэчыва гідраксіламінсульфат (або ГАС). Па словах спецыяліста, рэчыва ГАС даследавана вельмі мала, невядома, якія фактары маглі выклікаць яго расклад, — распавёў адвакат абвінавачанага з Гродзенскай абласной калегіі адвакатаў Мікалай Сідорчык.
Аднак па асноўнай версіі следства, менавіта іскра выклікала пажар, а з-за высокай тэмпературы адбыўся расклад ГАС. Прадуктамі яго раскладу і атруціліся рабочыя.
Патрэбны дадатковы аналіз
Суд па хадайніцтве пракурора вырашыў правесці дадатковы аналіз, які высветліць, ці магла іскра выклікаць пажар. Цяпер чакаюць адказу з мінскага МНС.
— Пасля гэтага суд збярэцца зноў, каб вырашыць, што рабіць далей. Пакуль у суда няма спецыяліста, які мог бы патлумачыць, што акрамя іскры можа выклікаць расклад ГАС. Судовае расследаванне працягваецца, — дадаў Мікалай Сідорчык.
Што здарылася
Здарэнне адбылося 6 чэрвеня 2016 года. Падчас працаў у цэху адбыўся расклад небяспечнага рэчыва ў выглядзе воблака або дыму. Ад яго пароў двое рабочых 28 і 35 год загінулі на месцы, яшчэ трое пацярпелі. У выніку расследавання абвінавачванне прад’явілі маладому майстру, які ў той час разам са сваёй брыгадай праводзіў у гэтым цэху працы з газавым разаком. Суд пачаўся ў канцы жніўня і да перапынку цягнуўся амаль 3,5 месяцы.