Гарадскі пасёлак Сапоцкін чакаюць перамены: яго межы трохі пашыраць, зменіцца інфраструктура. У мінулым годзе населены пункт увайшоў у праграму перспектыўнага развіцця на 2018 год, піша «Перспектыва».

Сапоцкін пашырыць межы

Сёння разглядаюць магчымасць правядзення капітальных рамонтаў будынкаў: ад мясцовай школы да жылых дамоў. У задумцы — асфальтаванне і добраўпарадкаванне вуліц, будаўніцтва артэзіянскай свідравіны і кацельні, рэканструкцыя ачышчальных збудаванняў. Сёння экспертызу праходзіць генеральны план развіцця мястэчка. Чакаецца, што Сапоцкін трохі пашырыць свае межы.

Як патлумачыла намеснік начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва Гродзенскага райвыканкама Наталля Сяляўка, аб’ём работ па новым абліччы Сапоцкіна будзе залежаць ад фінансавання.

«Разглядалі магчымасць узвядзення аўтазаправачнай станцыі. Але, хутчэй за ўсё, пакуль гэты пункт нельга рэалізаваць, бо на дадзены аб’ект патрабуецца парадку двух мільёнаў еўра», — удакладніла Наталля Сяляўка.

Падобная сітуацыя выйшла з пажарным дэпо, яго прапаноўвалі ратавальнікі. Але, верагодна, гэты праект адкладуць.

Як зменіцца інфраструктура, дакладна скажуць у бліжэйшы час, пасля таго, як праект вялікага будаўніцтва ў Сапоцкіне ўхваляць ў Гродзенскім аблвыканкаме. Выдаткі на працы ў большай ступені пойдуць з раённага бюджэта. Як распавяла старшыня Сапоцкінскага сельсавета Лілія Шаматовіч, мястэчка суседнічае з Аўгустоўскім каналам, а значыць, патрэбныя кафэ і гасцініца. У сувязі з гэтым улады плануюць выставіць на аўкцыён будынак былога ўнівермага з умовай продажу пад ўстанову грамадскага харчавання або гатэль.