Дабрачынны хакейны матч з удзелам хакеістаў «Нёмана» і аматарскага клуба «Авангард» пройдзе ў Гродне 6 студзеня. На мерапрыемства запросяць у тым ліку дзяцей з панямуньскага дзіцячага дома, а таксама прадстаўнікоў Цэнтра «ПОРА», які дапамагае дзецям і дарослым, якія сутыкнуліся з анкалогіяй.
Традыцыйны дабрачынны матч «Нёман» заўсёды праводзіў да Новага года, але гэтым разам яго вырашылі правесці трохі пазней.
«Планавалі правесці дабрачынны матч у канцы 2017 года, але ў выніку было вырашана перанесці яго. Такія змены звязаныя са шчыльным графікам гульняў каманды і кіраўніцтва дало магчымасць хакеістам больш адпачыць», — распавёў прэс-аташэ ХК «Нёман» Віталь Гарбацюк.
Фотазона, канцэрт, кірмаш і не толькі
Праграма дабрачыннага матчу як заўсёды насычаная. У гэтым годзе ў холе Лядовага палаца будзе выступаць музычны гурт, таксама будзе арганізавана фотазона і аўтограф-сесія з хакеістамі. Будзе працаваць і кірмаш, які арганізуюць прадстаўнікі Цэнтра «ПОРА». А на лёдзе пройдуць конкурсы для гледачоў і хакеістаў. Ну і вядома ж сам матч, з якога хакеісты паспрабуюць стварыць сапраўднае лядовае свята. Пасля гульні гледачы традыцыйна змогуць выйсці на лёд і яшчэ раз пагутарыць ды зрабіць здымкі з хакеістамі.
Пачатак дабрачыннай праграмы ў 14.00, а сам матч пачнецца ў 15.00.