Больш за 120 гродзенскіх дзяцей у суботу 30 снежня прынялі ўдзел у навагоднім турніры па футболе «Baby cup», арганізатарам якога выступілі федэрацыя футбола горада і грамадзянская ініцыятыва «Гародня».

Футбольнае свята для маленькіх гродзенцаў прайшло ў футбольным манежы. Усе ўдзельнікі турніру былі ўзнагароджаны каштоўнымі і салодкімі прызамі.

Усяго ў святочным турніры прыняло ўдзел 8 каманд хлопчыкаў і 3 каманды дзяўчынак, якія прадстаўлялі розныя мікрараёны горада. Па завяршэнні турніру арганізатары вырашылі ўзнагароджваць не толькі лепшых, але і ўсіх удзельнікаў. Спецыяльна на ўзнагароджанне да дзяцей прыйшоў Дзед Мароз, які і раздаваў сувенірныя і салодкія падарункі.

Арганізатар турніру, прадстаўнік грамадзянскай ініцыятывы «Гародня» Анатоль Мышкевіч, распавядае што такі турнір, як «Baby cup» для дзяцей вялікае свята.

«Я сам з’яўляюся вялікім фанатам футбола. Заўзею за мадрыдскі „Рэал“, а таксама наведваю ўсе матчы гродзенскага „Нёмана“, — распавядае Анатоль. — Такія турніры раней праводзіў мой сябар, Віталь Мойса, але цяпер ён працуе ў Польшчы і я вырашыў сам паспрабаваць зрабіць гродзенскім дзецям прыемнае. У першую чаргу хацелася арганізаваць свята, бо хутка Новы год. Спадзяюся, што дзеці і іх бацькі атрымалі шмат станоўчых эмоцый на турніры, класна правялі час і такое свята футбола застанецца ў іх у памяці на доўгія гады, а таксама прышчэпіць у іх любоў да гэтага віду спорту і яны з яшчэ большай радасцю будуць займацца футболам. Магчыма, нехта з іх у будучыні будзе абараняць колеры „Нёмана“, а калі і не, то я ўпэўнены, што і проста занятак футболам пойдзе ім толькі на карысць».

Арганiзатары плануюць праводзіць турніры «Baby cup» кожны год: адзін перад новым годам, а другі ў траўні або 1 чэрвеня на Дзень абароны дзяцей.