Некаторыя абласныя цэнтры перасычаныя жыллём — 888 кватэр ва ўжо ўведзеных дамах яшчэ не прададзеныя. Пра гэта распавёў сёння міністр архітэктуры і будаўніцтва Анатоль Чорны, піша «Тут.бай».
— Больш за ўсё нерэалізаваных кватэр на Гарадзеншчыне, — распавёў Анатоль Чорны. — У дамах, якія будуюцца, па ўсёй краіне парадку 240 тысяч квадратных метраў не знайшлі пакупніка — але дамы яшчэ не ўведзены ў эксплуатацыю, так што гэтая лічба плаваючая.
— Гродна будуе шмат і танна, — працягнуў Анатоль Чорны. — «Гроднажылбуд» актыўна працуе на рынку, будуе сам цэлыя мікрараёны. Але тут ужо ўзнікаюць пытанні па рэалізацыі. Зрэшты, заробак расце, павінна расці і пакупніцкая здольнасць. Так што праблемай лішак пабудаванага жылля ў перспектыве не будзе.
Прагноз па кошце квадратнага метра ў 2018 годзе, удакладніў Анатоль Чорны, не змяняецца — з дзяржпадтрымкай метр па-ранейшаму будзе каштаваць адзін сярэдні заробак. Кошт камерцыйнага жылля будзе дыктаваць рынак. У наступным годзе ў планах — узвядзенне 4 мільёнаў квадратных метраў жылля. З іх 900 тысяч — з дзяржпадтрымкай.