За мінулыя выхадныя ў шасцярых жыхароў Кастрычніцкага раёна «ўзламалі» старонкі «Укантакце». Зламыснікі ад асобы ўладальнікаў акаўнта пісалі іх знаёмым паведамленні, каб атрымаць рэквізіты банкаўскіх картак для пераводу грошай, паведамляе УУС Гродзенскага аблвыканкама.
Атрымаўшы неабходныя дадзеныя, менавіта за апошнія тры дні зламыснікі знялі з банкаўскіх карт ў агульнай суме 800 рублёў. Па гэтых фактах узбуджаны крымінальныя справы па артыкулах: «Крадзеж шляхам выкарыстання камп’ютарнай тэхнікі» і «Несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі».
За год на тэрыторыі Кастрычніцкага раёна адбыліся 24 такія злачынствы, два з якіх атрымалася раскрыць. Праваахоўнікі адзначаюць, што «ўзламваюць» старонкі пераважна дзяўчат, якія знаходзяцца ў дэкрэтным адпачынку.
Як абараніць сябе ад падману?
Трэба дадаткова ўдакладніць, ці сапраўдны ўладальнік старонкі піша вам. Самыя простыя спосабы: патэлефанаваць знаёмаму, які просіць рэквізіты карткі, альбо ў паведамленні задаць асабістае пытанне, адказ на якое дакладна дазволіць ідэнтыфікаваць чалавека.