«Гандлёва-прамысловая карпарацыя Цюань Шэн» прыступіць да рэканструкцыі былой гасцініцы «Гродна» пад трохзоркавы гатэль Echeng, піша «Гродзенская праўда».
Архітэктурны праект прайшоў будаўнічую экспертызу, застаецца чакаць, каго карпарацыя прызначыць генеральным падрадчыкам мадэрнізацыі гатэля, пабудаванага ў канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя.
Распрацоўку дакументацыі выканала праектная арганізацыя ТАА «ВКЛ-праект» з Гродна. Яго галоўны архітэктар Канстанцін Вазміцель распавёў, якім будзе гатэль Echeng.
Істотна зменіцца цэнтральны ўваход у гатэль. Стары дэмантуюць, а на яго месцы ўзвядуць прэзентабельны ўваходны партал. Далей кліенты патрапяць у прасторны хол з зонай рэцэпцыі. На другім паверсе размесцяцца лобі-бар для наведвальнікаў і рэстаран для тых, хто спыніцца ў гатэлі па прынцыпе «ўсё ўключана». З гэтага паверху захаваецца праход у абноўлены рэстаран, які ўвойдзе ў гасцінічны комплекс і будзе даступны ўсім гараджанам.
Гатэльныя нумары размесцяцца з сёмага па пятнаццаты паверх. Тут правядуць перапланіроўку: з былых двух нумароў зробяць адзін падвышанай камфортнасці з прасторным санітарным блокам і магчымасцю ўсталёўкі дадатковага абсталявання. Усяго праектам прадугледжана 110 нумароў. Замест чатырох існуючых ліфтаў з’явяцца два хуткасныя большай ёмістасці.
[irp posts="20 089″ name="Пачатак мясцовага Chinatown. Навошта кітайцам гатэль «Гродна»?"]