Лідчане Алена і Вадзім Ціхановіч наладзілі выраб рамеснага шакаладу. У Беларусі яны адзіныя ў сваім родзе. Як з невялікай лідскай майстэрні пачынаецца шакаладная гісторыя цэлай краіны, карэспандэнт «Прынёманскіх вестак» ўбачыла на свае вочы.

«Нам казалі, што мы вар’яты»

— Калі мы збіраліся адкрываць шакаладную майстэрню, нам усе круцілі пальцам ля скроні, ніхто ў гэта не верыў. Казалі, што мы вар’яты! — кажуць Алена і Вадзім. — Праблем, з якімі давялося сутыкнуцца, хапала. Шмат часу і сіл заняло і афармленне самых розных дакументаў. Пад вытворчасць нашага шакаладу ў Беларусі адмыслова стваралі асаблівую тэхналогію. Бо больш у краіне ніхто такога не робіць!

Некалькі гадоў таму Алена адкрыла ў Лідзе краму «Смачна і карысна». А паралельна займалася шакаладам «ручной» працы і, чытаючы пра гэта, неспадзявана натыкнулася на рамесны шакалад. Стэлефанавалася з маскоўскай кампаніяй Fresh Cacao, якая яго вырабляе. А далей разам з мужам ногі ў рукі - і ў Маскву. Там жа было прынята рашэнне паўтарыць падобнае ў Лідзе. Купілі першыя свае какава-бабы і сталі эксперыментаваць … спачатку ў сябе на кухні.

— Сёння ў нашай шакаладнай майстэрні каля 20 відаў гатункаў шакаладу. Любы з іх — знаходка для гурмана! — распавядае Вадзім Ціхановіч.

— Што выйгрышна адрознівае рамесны шакалад ад фабрычнага? Какава-бабы! Усяго іх існуе 3 гатункі, 296 відаў. У прамысловай вытворчасці выкарыстоўваецца самы танны па цане і нізкі па якасці гатунак бабоў - Форастэра.

Ён расце ў асноўным у Афрыцы і займае звыш за 90% ад сусветнай вытворчасці какава-бабоў. А мы пры вырабе свайго шакаладу выкарыстоўваем какава-бабы нашмат даражэй.

Як лідскія шакалацье вырабляюць люксавы шакалад: больш нідзе ў Беларусі такога не прадукуюць

У асноўным араматычныя віды — гэта гатунак Трынітарыё (5−6% у свеце). Яго смак залежыць ад таго, на якой плантацыі растуць какава-бабы. Адныя даюць кіслінку, іншыя — прыемную гарчынку … Кожнаму іх смак раскрываецца па-рознаму.

Шакаладная майстэрня працуе з бабамі з розных плантацый свету: Дамініканы, Ганы, Венесуэлы, Мадагаскара, Ямайкі, Грэнады …

Эксклюзіў

Да 2020 года Куба спыніла пастаўкі бабоў ў Еўропу. Вадзім і Алена паспелі іх купіць.

Таксама рамесны шакалад прадстаўлены горкім з утрыманнем какавы 86% і сметанковым, набліжаным да папулярнага сярод многіх малочнаму смаку.

Яшчэ адной сваёй заслугай сужэнства Ціхановіч лічаць, што ім удалося (гэтага не змаглі нават расійскія калегі!) дамагчыся дазволу пісаць у складзе не проста «какава цёртая», але і паказваць гатунак бабоў.

Як лідскія шакалацье вырабляюць люксавы шакалад: больш нідзе ў Беларусі такога не прадукуюць

Ад боба да пліткі

— Bean-to-bar, або «ад какава-боба да пліткі» — так называецца тэхналогія прыгатавання нашага рамеснага шакаладу. Гэта азначае самастойнае ажыццяўленне ўсіх працэсаў вытворчасці: пачынаючы ад выбару какава-бабоў і заканчваючы ўпакоўкай гатовых плітак у аўтарскую абгортку, — тлумачыць Вадзім.

Пакуль рамесны шакалад можна купіць толькі ў краме Алены і Вадзіма «Смачна і карысна». У планах — развіццё вытворчасці і выхад на больш шырокі рынак. І, магчыма, неўзабаве візітнай карткай Ліды будуць не толькі піва, квас, мука, але і элітны шакалад.

— Шакалад сапсавалі на фабрыках. На самай справе ён не проста «гармон радасці», а яшчэ — скарбніца карысных рэчываў! — падсумоўваюць лідскія шакалацье. — Зараз мы не шкадуем, што ўвязаліся ў гэтую «авантуру». Наадварот, ганарымся сваім прадуктам і рады, што змаглі зрабіць нешта прыемнае і годнае для людзей.