У 17.00 15 снежня на пад’ездзе да Старога маста ў напрамку цэнтра адзін за адным адбыліся тры аварыі. Агулам разбітыя 7 аўтамабіляў, піша autogrodno.by.
Чытач autogrodno.by Дзмітрый апынуўся ў адной з іх і распавёў падрабязнасці:
— Хтосьці прытармазіў перад Skoda, ад чаго кіроўца хэтчбека рэзка спыніўся і атрымаў удар ззаду ад Daewoo. Следам рухаўся VW Touareg, кіроўца якога вытрымліваў дыстанцыю і, бачачы наперадзе аварыйную сітуацыю, стаў тармазіць, з чым ён выдатна і справіўся, але вось ззаду яго яшчэ два кіроўцы не былі такімі ўважлівымі і адзін за адным уехалі ў VW.
— За імі рухаўся мікрааўтобус, а следам і я на Toyota. Мы абодва паспелі затармазіць. Я адчуў палёгку — атрымалася. І тут у мяне ззаду ўрэзаўся кіроўца на Renault, — распавядае Дзмітрый.
За кошт заціснутай педалі тормазу, Toyota не зачапіла мікрааўтобус. Кіроўца мікрааўтобуса выйшаў, агледзеў сваю машыну і з’ехаў. Усе астатнія засталіся чакаць супрацоўнікаў ДАІ.
Патройнае ДТЗ на вуліцы Гарнавых узмацніла і без таго аўтамабільны калапс. Практычна цалкам спыніліся пад’езды да кальца філармоніі. Да прыкладу, затор у бок кальца па вуліцы Савецкіх памежнікаў утварыўся практычна ад абутковай фабрыкі. Калі б кіроўцы праяўлялі больш павагі адзін да аднаго і ня выязджалі на запоўненыя перакрыжаванні ў апошні момант, можна было б мінімізаваць заторы.