Магілёвец Дзяніс Васількоў 15 снежня схадзіў на паказ фільма “Зорныя вайны: Апошнія джэдаі” ў гродзенскім кінатэатры “Усход”. І застаўся вельмі незадаволены тым, што ён там убачыў. Пра гэта ён напісаў у сваім facebook-акаўнце.
“Можна дараваць Ералаш перад паказам, сацыяльную «рэкламу» сінтэтычных наркотыкаў, але ў самым галоўным залажаць гэта проста, – напісаў Дзяніс. – У ніжняй частцы экрана нейкі прыцэл. Я думаў, што гэта ў мяне штосьці з вачыма або штосьці перад праектарам. І не каб устаць і сысці – я ўвесь сеанс прасядзеў каб у канцы паглядзець на экран. І так, ён насамрэч брудны. Цэлая зала людзей, усе глядзяць, усе прывыклі, але халера – гэта ж самае галоўнае, што ёсць у кінатэатры!”
Дзяніс зрабіў некалькі фотаздымкаў, на якіх відаць, што экран ў кінатэатры сапраўды брудны.

Дзяніс Васількоў не ўпершыню скардзіцца на кінаабслугоўванне. Нядаўна ён пабываў у Мінску і здзівіўся кінапаказу ў Палацы Рэспублікі.




