Ужо гадоў пяць у прыватным сектары па вуліцы Паркавай стаіць у адзіноце «Масквіч-401». Машына, выпушчаная на пачатку 1950-х, сёння не ездзіць, але, па словах жыхароў вуліцы, яе ўсё яшчэ плануюць аднавіць i прадаць.
З цяперашнім уладальнікам машыны пагутарыць не атрымалася, але побач мы сустрэлі колішняга ўладальніка Анатоля. Стары “Масквіч” ён купіў разам з прыяцелем для аднаўлення яшчэ сем гадоў таму, але дамовіцца было складана, ды і сродкаў не хапала. У выніку машыну прадалі. Так яна і дагэтуль тут і стаіць.
«Калі куплялі, то гэты “Масквіч” ужо тады нерухома стаяў у людзей каля чатырох гадоў і яны не маглі яго завесці. А ў мяне сябар матарыст прыехаў, 30 хвілін пашаманіў і завёў. Машыну бралі каб аднаўляць і катацца. Спачатку нават нешта рабілі, але з часам не сышліся характарамі з таварышам».
“Масквіч” прадалі іншаму чалавеку. Але прайшло некалькi год, а машыну ўсё роўна не аднавілі. Зараз рэтрамабiль стаіць пад адкрытым небам, дзверы ў яго адкрытыя.
«Новы ўладальнік плануе аднаўляць, але нешта не спяшаецца. Час ідзе, машына стаіць і развальваецца. Людзі прыходзілі і хацелі купіць, але ён яго не хоча прадаваць».
Як стала вядома Hrodna.life, уладальнік плануе ўсё ж прадаць рэтрамабіль прыкладна за 1000$. Але мясцовыя спецыялісты ў рэтра-тэхніцы кажуць, што “Масквіч” ў жаласным стане і на яго няма дакументаў. Магчыма, гэта і ёсць асноўнай праблемай, па якой машыну ўсё яшчэ не прадалі.
Даведка
“Масквіч-401” – савецкі легкавы аўтамабіль малога класа з тыпам кузава седан. Серыйна выпускаўся на Маскоўскім заводзе малалітражных аўтамабіляў у 1950-х гадах. З’яўляўся мадэрнізацыяй аўтамабіля “Масквіч-400”, на які ставіўся новы рухавік, і быў практычна ідэнтычны даваенным Opel Kadet. “Масквіч” на вуліцы Паркавай у Гродне – адзіны ў горадзе з серыі “401”.






