Капітан гродзенскага “Нёмана” Павел Савіцкі ў бліжэйшы час можа стаць гульцом брэсцкага “Дынама”, пра гэта паведамляе аўтарытэтнае спартовае выданне “Прессбол”.

Яшчэ некалькі дзён таму Савіцкі ў інтэрв’ю іншаму спартоваму выданню распавядаў, што вялікая верагоднасць таго, што ён пакіне “Нёман”. На сённяшні дзень кантракт 23-гадовага паўабаронцы з “Нёманам” скончаны і футбаліст яго не працягнуў, хоць кіраўніцтва гродзенскай каманды и прапанавала капітану новыя ўмовы.

“Думаю, надышоў час паспрабаваць сябе ў іншым месцы. Трэба ж і на будучыню зарабіць, падумаць пра сваю сям’ю. Але ў Гродне мне таксама кантракт прапанавалі. Сказаў, што хачу спакойненька крыху адпачыць, дам адказ пазней. Я зараз адлятаю на адпачынак, а потым паглядзім. Думаю, да Новага года ўсё з маім новым клубам стане вядома”, – адзначаў Павел.

Iнфармацыю пра тое, што Савіцкі можа перайсці ў брэсцкае “Дынама”, гродзенскія заўзятары сустрэлі з вялікім абурэннем і лічаць, што навіна гэта чарговая “качка”, а капітан “Нёмана” не пяройдзе ў стан прынцыповага суперніка.

Паводле сайта transfermarkt.com кошт Савіцкага на канец лістапада складаў 1 млн 300 тыс еўра. Вядома, што такую суму за футбаліста ніхто даваць не будзе, ды і тым больш Савіцкі цяпер без кантракту і можа перайсці ў любы клуб бясплатна. Але ў выпадку пераходу Савіцкага ёсць верагоднасць, што новы клуб выплаціць “Нёману” некаторую суму ў якасці кампенсацыі за выхаванца.

Даведка

Павел  Савіцкі – лепшы бамбардзір “Нёмана” сезона 2017 года, першы з 2001 года футбаліст, хто забіў за гродзенскі клуб 15 мячоў за сезон. Усяго за “Нёман” паўабаронца правёў 181 матч, забіў 53 галы і аддаў 23 галявыя перадачы.