Падманулi страхаўшчыкоў на $ 80 тысяч: пачаўся суд над кіроўцамі, якія падстройвалi ДТЗ

Група кіроўцаў інсцэнавала на дарозе аварыі, звярталася ў страхавыя кампаніі і зарабляла на гэтым грошы. За амаль два гады махляры здолелі «вытрасці» са страхаўшчыкоў каля 80 тысяч долараў. Верхавод групы хаваецца. Астатнім пагражаюць пакаранні ад штрафаў да 10 год пазбаўлення волі. Справу пачалі разглядаць у Кастрычніцкім судзе Гродна ў панядзелак, 11 снежня.

На лаве падсудных 24 чалавекі

У зале суда каля 70 чалавек: абвiнавачаныя, iх родныя, знаёмыя, адвакаты, журналiсты. Досыць голасна ад абмеркаванняў.

— Вы падрыхтавалi дакументы? — пытаецца да працэсу адвакатка ў аднаго з фiгурантаў справы.

— Часу не было, — адгаворваецца малады чалавек.

— За некалькi месяцаў часу не было? Ужо пачынаецца суд.

На лаве падсудных адразу 24 чалавекi. Справу разглядае суддзя Дзяніс Раманішка.

Старэйшы памочнік пракурора горада Гродна Аляксей Гатоўчыц агучвае дзяржаўнае абвінавачванне. Часта гэты тэкст доўжыцца не больш за гадзіну. Але ў гэтай «аб'ёмнай» справе ён займае 34 старонкі. Яго плануюць зачытваць ажно тры дні.

Машыны дабівалі дадаткова

Удзельнікі групы, па словах пракурора, былі знаёмыя паміж сабой.

— Схема была дастаткова простай. У народзе яе называюць «піянерскай», — распавядае Аляксей Гатоўчыц. — Праўда, у Гродзенскай вобласці яе выявілі ўпершыню.

Хлопцы набывалі недарагія інамаркі за 3−5 тысяч долараў, часта пабітыя. У камандзе былі добрыя аўтамеханікі, якія рамантавалі машыны, ставілі «на колы».

Пасля двое кіроўцаў прыганялі аўта ў вызначанае месца. Выбіралі для гэтага бязлюдныя ўчасткі, чакалі, пакуль на дарозе будзе як найменш машын. Адным з самых папулярных месцаў быў паварот на вёску Бяляны.

Тады інсцэнавалі ДТЗ. Лёгкі удар сапраўды адбываўся. Часам нават дадаткова дабівалі машыну, каб пашкоджанні былі больш сур’ёзнымі. Выклікалі ДАІ, афармлялі дакументы. Пасля звярталіся ў страхавую кампанію і атрымлівалі выплату. Сярод пацярпелых кампаній: «Белдзяржстрах», «Белнафтастрах', «Промтрансінвест», «Таск».

На рукі атрымлівалі па 100−200 долараў за «аварыю»

Сума выплат складала ад 30 да 180 мільёнаў рублёў (старымі грашыма). Аднак на рукі кожны атрымліваў у сярэднім па 100−200 долараў за «аварыю». Праўда, не ўсе ў гэтым прызнаюцца, таму што ў такім выпадку прыйдзецца вяртаць дзяржаве незаконна заробленыя грошы.

Арганізатару па прозвішчы Шобат ішло каля 10% ад выплаты. Цяпер ён у вышуку.

Пацверджана 28 фактаў фіктыўных ДТЗ, якія адбываліся з пачатку 2015 года па восень 2016.

Ланцужок лёгкіх грошаў перарвалі дасведчаныя супрацоўнікі ДАІ. Падчас аднаго з такіх выклікаў яны заўважылі, што пашкоджанні нехарактэрныя для ДТЗ, пачаліся праверкі. Выявілася сувязь паміж многімі падобнымі фактамі.

Удзельнічалі тры дзяўчыны і студэнт

У арганiзаваную злачынную групу ўваходзiлі 24 асобы. Частка з іх цалкам прызнае віну, нехта часткова, нехта ўвогуле не.

Чацвёра абвінавачаных хлопцаў знаходзяцца пад вартай, падчас суда яны ў «клетцы».

— За кратамі самыя актыўныя ўдзельнікі Былі спробы збегчы і паўплываць на ўдзельнікаў крымінальнай справы. Каб пазбегчы ціску на следства, на сведкаў, вырашылі ўзяць іх пад варту. Ім пагражаюць большыя тэрміны, чым астатнім, — кажа Аляксей Гатоўчыц.

Астатнія фігуранты сядзяць на лавах у зале. У групе ўдзельнічалі таксама тры дзяўчыны. Адна з іх працуе бармэнам у КУП «Гроднааблкінавідэапракат».

Самаму малодшаму ўдзельніку 21 год. Большасць фігурантаў ва ўзросце 20−30 год. Адукацыя ва ўдзельнікаў ад сярэдняй да вышэйшай. Сярод іх адзін студэнт і адзін жаўнер тэрміновай службы. У многіх з абвінавачаных ёсць малыя дзеці.

На штодзённы разгляд справы пакуль адведзена два тыдні. На стале ў суддзі 25 тамоў справы. Навошта ўдзельнікі займаліся такім промыслам і што могуць за гэта атрымаць, вызначыцца падчас суду.

— Тут усё можа быць, — мяркуе пракурор. — Падчас судовага следства можа ўспыць тое, што не было вядома падчас расследавання справы.

Падзяліцца

Апошнія запісы

У святкаванні Дня перамогі задзейнічаюць жывёлін. Удзельнічае і каза з Гродзенскага заапарка

У акцыях на 9 траўня, прысвечаных святкаванню 80-годдзя перамогі, вырашылі задзейнічаць жывёл. Сабаку па мянушцы…

9 мая 2025

Аркі на Савецкай ужо ўпрыгожылі кветкамі - гараджане параўноўваюць вуліцу з «маленькай Галандыяй»

Супрацоўнікі "Гродназелянбуда" ўжо ўпрыгожваюць аркі на Савецкай кветкамі. У сацсетках з'яўляецца ўсё больш відэа з…

9 мая 2025

Над гродзенскім піўзаводам устанавілі флюгер з сімвалічнай датай. Яго аўтар — знакаміты каваль

У траўні на даху комплексу «Бровар Гродна» з'явіўся флюгер. Пры рэстаўрацыі гродзенскага піўзавода інвестару было…

9 мая 2025

Гродзенец знайшоў рэдкія здымкі горада часоў Першай сусветнай вайны

Гродзенскі краязнаўца Аляксандр Перагудаў знайшоў у расійскіх фондах шэраг малавядомых здымкаў Гродна часоў Першай сусветнай…

8 мая 2025

Праўладны Telegram-канал сцвярджае, што ў Гродне няма праблем з бульбай. Гараджане абурыліся

У траўні беларусы сталі актыўна абмяркоўваць знікненне бульбы з паліц у крамах. Звярнулі ўвагу і…

7 мая 2025

У Беларусі скарачаецца насельніцтва, у Гродне і Лідзе — расце

Гарадское і сельскае насельніцтва Беларусі скарачаецца. Згодна з Белстатам, у Гродне і Лідзе сітуацыя выглядае…

7 мая 2025