У Гродне прэзентуюць Конкурс прадпрымальніцкіх ідэй.
18 снежня, а 18-й гадзіне ў рэгіянальным офісе Бізнес-школы ІПМ (вул. Леніна 5/2) прэзентуюць конкурс прадпрымальніцкіх ідэй. Арганізатары падрабязна распавядуць пра конкурс патэнцыйным удзельнікам, пазнаёмяць з удзельнікамі мінулых набораў і адкажуць на ўсе пытанні па ўдзеле. На сустрэчы гэтаксама адбудзецца майстар-клас «Як выкарыстоўваць сацыяльныя сеткі для развіцця і прасоўвання свайго праекта». Уваход вольны.
Удзельнікі конкурсу бясплатна пройдуць навучанне па накірунках:
— маркетынг, бізнес-планаванне, фінансы, продажы і г. д.
Гэта дазваляе дарабляць свае ідэі, зыходзячы з атрыманых ведаў, і на фінальных выступах паказаць жыццяздольны бізнес-план свайго праекта.
Кіраўнік Конкурсу прадпрымальніцкіх ідэй Ганна Перунова лічыць, што гэты конкурс — добрая лакмусавая паперка для ўсіх, хто збіраецца адкрыць свой бізнес:
— Удзел у ім дазваляе ўдумліва ставіцца да свайго часу, ідэяў, мэтаў і інвестыцыяў. Былі выпадкі, калі нават на этапе папярэдняй прэзентацыі праекта ўдзельнікі атрымлівалі прапанову па супрацоўніцтве ад экспертаў і далей развівалі свой праект у тандэме з новымі партнёрамі.
Удзельнікі з 1 па 3 месца атрымліваюць стыпендыі на навучанне па любым кірунку і курсе ў Бізнес-школе ІПМ.
У якасці экспертаў і ментараў будуць запрошаныя актыўныя прадстаўнікі бізнес-асяродку, а таксама акадэмічнай супольнасці, якія прысутнічаюць у журы на ўсіх этапах конкурса, а таксама выступаюць у якасці ментараў для ўдзельнікаў конкурса.
Асноўныя этапы конкурсу:
15 снежня — пачатак прыёму заявак
Студзень-люты 2018г. — майстар-класы ў Мінску, Гомелі, Магілёве, Віцебску, Брэсце і Гродне
1 сакавіка 2018 г.— заканчэнне прыёму заявак
1−22 сакавіка — праца журы па адборы праектаў для ўдзелу ў конкурсе
22−27 сакавіка — арганізацыйныя сходы ва ўсіх гарадах-удзельніках
2−7 красавіка — этап рэгіянальных прэзентацый праектаў удзельнікаў конкурсу
красавік-травень — навучанне канкурсантаў, майстар-класы для ўдзельнікаў конкурсу
20−23 траўня — рэгіянальныя фіналы конкурсу
23 чэрвеня 2018 г. — вялікі фінал конкурсу ў Мінску
Кантакты арганізатараў: email: vasilyeva@ipm.by, тэл: +375 29 787 58 97, па агульных пытаннях email: konkurs@ipm.by.
Больш інфармацыі можна знайсці тут.
Конкурс быў арганізаваны яшчэ ў 2015 годзе і мае некамерцыйны і навучальны характар.
За 2 гады для ўдзелу ў Конкурсе прадпрымальніцкіх ідэй было пададзена больш за 200 заявак, многія рэгіянальныя праекты дзейнічаюць і развіваюцца дагэтуль.