Ажаніліся Даміцэля Вараноўская і Станіслаў Колышка 17 лістапада, на наступны дзень узялі шлюб у касцёле, пішуць “Принеманские вести“.
Пазнаёмілася пара ўлетку ў парку на танцах. Станіслаў Янавіч цудоўна таньчыць вальс. Ужо больш за 10 гадоў як удавец, жыве адзін. Даміцэля Іванаўна кажа, што замуж не хацела:
“20 гадоў неяк пражыла без мужа і да шлюбу ўжо не збіралася. Хаця жаніхі каля мяне заўсёды пакручваліся. І, ведаеце, нават вельмі статныя кавалеры! А тут Станіслаў “намаляваўся”. Мужчына харошы. Але каб замуж… Адным словам, вагалася. Але сяброўкі мяне ўгаварылі, сказалі: “Не возьмеш – сабе возьмем“, – смяецца жанчына.
Пярсцёнкі абіраў жаніх, спыніліся на срэбраных, без асаблівага пафасу. Сведкамі ў ЗАГСе былі дзеці нявесты, якія, да слова, цешацца за маці. У Станіслава Янавіча дзяцей няма.
Навошта жаніцца ў такім узросце, пара адказвае проста:
“Сэрца заўсёды маладое! У любым узросце хочацца цеплыні, падтрымкі, пяшчоты. У пустой кватэры на старасці гадоў – хоць ваўком вый! А тут ёсць каму падлячыць, пакарміць, добрае слвоа сказаць”, – кажа Станіслаў Янавіч.