Ажаніліся Даміцэля Вараноўская і Станіслаў Колышка 17 лістапада, на наступны дзень узялі шлюб у касцёле, пішуць «Принеманские вести».
Пазнаёмілася пара ўлетку ў парку на танцах. Станіслаў Янавіч цудоўна таньчыць вальс. Ужо больш за 10 гадоў як удавец, жыве адзін. Даміцэля Іванаўна кажа, што замуж не хацела:
«20 гадоў неяк пражыла без мужа і да шлюбу ўжо не збіралася. Хаця жаніхі каля мяне заўсёды пакручваліся. І, ведаеце, нават вельмі статныя кавалеры! А тут Станіслаў «намаляваўся». Мужчына харошы. Але каб замуж… Адным словам, вагалася. Але сяброўкі мяне ўгаварылі, сказалі: «Не возьмеш — сабе возьмем», — смяецца жанчына.
Пярсцёнкі абіраў жаніх, спыніліся на срэбраных, без асаблівага пафасу. Сведкамі ў ЗАГСе былі дзеці нявесты, якія, да слова, цешацца за маці. У Станіслава Янавіча дзяцей няма.
Навошта жаніцца ў такім узросце, пара адказвае проста:
«Сэрца заўсёды маладое! У любым узросце хочацца цеплыні, падтрымкі, пяшчоты. У пустой кватэры на старасці гадоў - хоць ваўком вый! А тут ёсць каму падлячыць, пакарміць, добрае слвоа сказаць», — кажа Станіслаў Янавіч.